viasna on patreon

Гомельскія ўлады не дазволілі пікет у падтрымку дзеянняў прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй

2014 2014-06-26T12:30:26+0300 2014-06-26T12:30:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spraviadlivy_svet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія ўлады не дазволілі абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» правесці пікеты, запланаваныя на 15 і 17 чэрвеня. Першы пікет, заяўку на які апазіцыянеры падалі яшчэ ў канцы траўня, планавалася правесці з мэтай «падтрымкі дзеянняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па барацьбе са злоўжываннямі і карупцыяй сярод чыноўнікаў». Другі пікет, планаваны на 17 чэрвеня, меў мэту папулярызацыі сярод жыхароў Гомеля кампаніі партыі «Справядлівы свет» «Стоп кошты».

Матыў адмовы традыцыйны - невыкананне пунктаў рашэння гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», а дакладней – адсутнасць платных дамоў на медыцынскае абслугоўванне падчас правядзення пікетаў і ўборку тэрыторыі пасля іх правядзення.

Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка, заяўнікі пікетаў своечасова падалі заявы на заключэнне дагавораў з прадпрыемствам «ГОРСАП» і цэнтральнай паліклінікай, аднак і камунальныя службы, і «хуткая дапамога» па надуманых прычынах адмовіліся заключаць дамовы. Станцыя хуткай дапамогі спаслалася на «загружанасць станцыі ў летні час», а «ГОРСАП» - на «востры недахоп прыбіральшчыкаў вулічнай тэрыторыі». Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка, да якой і належыць станцыя хуткай дапамогі, на заяву наогул адказу не дала.

Абласны камітэт Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» лічыць, што адмовай у правядзенні пікетаў гомельскія чыноўнікі пацвердзілі сваю падтрымку карупцыі і росту коштаў.

«Робіцца ясным, чаму на працягу больш чым дваццацігадовай барацьбы прэзідэнта з карупцыяй яму не атрымоўваецца яе перамагчы. Гомельскія чыноўнікі – супраць пікету ў падтрымку дзеянняў прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй», - зазначыў Уладзімір Сякерка.

У адрас Гомельскага гарвыканкаму накіраваны ліст з просьбай прыняць меры па безумоўным выкананні з боку прадпрыемства «ГОРСАП» і Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі рашэння гарвыканкаму, а таксама даць інфармацыю: з якімі юрыдычнымі асобамі можна заключыць дагавор на медыцынскае абслугоўванне падчас правядзення масавага мерапрыемства.

У адрас «ГОРСАП» і цэнтральнай паліклінікі таксама накіраваныя лісты з просьбай вызначыць даты, калі яны змогуць аказаць паслугі, вызначаныя рашэннем гарвыканкаму.

Адначасова 23 чэрвеня ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля накіравана скарга на дзеянні службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ўшчамляюць канстытуцыйнае права на свабоду правядзення масавых мерапрыемстваў і як следства - на свабоду выказвання свайго меркавання.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства