viasna on patreon

На сакавік 2015 года прызначаны разгляд дакладу Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН

2014 2014-06-26T01:35:10+0300 2014-06-26T01:35:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Перыядычны даклад Беларусі аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне павінен быў быць прадстаўлены да 7 лістапада 2001 года ў Камітэт па правах чалавека ААН, аднак быў дасланы з 10-гадовай затрымкай толькі 15 снежня 2011 года. Апошні перыядычны даклад быў разгледжаны ў 1997 годзе, таму ў дакладзе асвятляюцца пытанні выканання Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у Беларусі за перыяд з лістапада 1997 па сакавік 2015 года. Даклад падрыхтаваны і прадстаўлены згодна з артыкулам 40 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Разгледжаны даклад будзе ў сакавіку 2015 года на 113-ай сесіі Камітэта. Інфармацыя пра гэта размешчана на вэб-сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

На сесіі ў сакавіку 2015 года ў Камітэце будзе разгледжаны толькі першы этап справаздачы. Пасля гэтага, згодна з прынятай у кастрычніку 2009 года новай працэдурай, дзяржаве будзе накіраваны пералік пытанняў (якія называюцца пералікам пытанняў да прадстаўлення дакладаў), а затым – Камітэт будзе разглядаць пісьмовыя адказы замест перыядычных дакладаў (зараз гэта носіць назву мэтавых дакладаў, заснаваных на адказах на пералік пытанняў). І толькі пасля гэтага Камітэт на адной з наступных сесій вынесе свае заключныя заўвагі па дакладзе дзяржавы.
Працэдура разгляду перыядычных дакладаў дзяржаў-удзельніц Пакта прадугледжвае таксама прадстаўленне ў Камітэт альтэрнатыўнай інфармацыі аб выкананні Пакта з боку праваабарончых няўрадавых арганізацый.

Праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што Беларусь не прадстаўляла своечасова перыядычныя даклады ў сувязі з масавымі парушэннямі грамадзянскіх і палітычных правоў у гэты перыяд. Паводле тэксту прадстаўленага Беларуссю даклада, кажа Раман Кісляк, у краіне з правамі чалавека няма ніякіх праблем, таму вялікае значэнне для фармулявання пытанняў да беларускага ўраду будзе мець альтэрнатыўная інфармацыя пра сапраўдны стан правоў чалавека.

Камітэт па правах чалавека быў створаны ў 1976 годзе адпаведна Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах для кантролю выканання яго палажэнняў дзяржавамі-удзельніцамі. Камітэт складаецца з 18 экспертаў, выбраных дзяржавамі, але якія дзейнічаюць у індывідуальным якасці незалежна ад дзяржаў.

Беларусь (тады яшчэ Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах 19 сакавіка 1968, ратыфікавала яго 5 кастрычніка 1973, ён уступіў у сілу з 23 сакавіка 1976 года.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства