Мінінфармацыі вынесла папярэджанне газеце «Свободные новости плюс»
Чыноўнікі вінавацяць рэдакцыю ў нанясенні шкоды грамадскім інтарэсам і фармаванні негатыўнага стаўлення да прайшоўшага Чэмпіянату свету па хакеі.
Папярэджанне тычыцца №17 выдання ад 6 мая 2014 года, дзе «СНплюс. Свободные новости плюс» паведамлялі пра тое, што Расійская Федэрацыя не заявіла для ўдзелу ў чэмпіянаце ніводнага з хакеістаў, якія прымалі ўдзел у алімпіядзе ў Сочы.
Як распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар выдання Васіль Зданюк, на момант падпісання нумару ў друк - 5 мая - інфармацыя цалкам адпавядала рэчаіснасці, і рэдакцыя ніякім чынам не збіралася падаваць непраўдзівыя дадзеныя.
Але 6 мая, у дзень выхаду газеты, расійская зборная раптоўна змяніла ўласную заяўку на чэмпіянат, уключыўшы туды двух хакеістаў, якія ўдзельнічалі ў алімпійскім турніры ў Сочы. Менавіта да гэта факту і прычапіліся чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Паводле чыноўнікаў, распаўсюджаная газетай інфармацыя нібыта наносіць шкоду грамадскім інтарэсам, а таксама фармуе негатыўнае стаўленне да прайшоўшага Чэмпіянату свету па хакеі.
Папярэджанне ад 12 мая падпісана міністрам інфармацыі Беларусі Алегам Праляскоўскім.