viasna on patreon

Незалежная псіхіятрычная экспертыза лічыць, што не было падстаў для прымусовага лячэння Ігара Пастнова

2014 2014-05-16T14:00:42+0300 2014-05-16T14:00:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-doktar-pastnou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў

Ігар Пастноў

Паводле высноў адмыслоўцаў з грамадскай арганізацыі "Незалежная псіхіятрычная асацыяцыя Расіі", дыягназ беларускіх калег "параноіднае разладжанне асобы з устойлівымі кверулянцкімі тэндэнцыямі" выклікае сумнёвы. І ў жніўні мінулага года псіхічны стан віцебскага “ўрача-праўдаруба” не вымагаў, каб яго гвалтам трэба было змяшчаць у “псіхушку”.

У красавіку Ігар Пастноў ездзіў у Маскву на незалежнае асведчанне, бо імкнуўся аспрэчыць дыягназ, пастаўлены яму віцебскімі псіхіятрамі. Таксама ён хацеў спраўдзіць, ці была неабходнасць "ізаляваць" яго ад грамадства, прымусова “зачыніўшы” ў псіхіятрычным аддзяленні, ды яшчэ з парушэннямі ягоных законных правоў у судзе Віцебскага раёна.

Ігар Пасноў прайшоў шэраг медычных тэстаў і цяпер атрымаў пісьмовыя высновы расійскіх псіхіятраў. Гэты дакумент з ягонага дазволу апублікаваны freeregion.info/engine/download.php?id=9 на незалежным інтэрнэт-рэсурсе freeregion.info.

Паводле незалежных расійскіх экспертаў, у Ігара Пастнова з дзяцінства выяўлялася прага да аднаўлення справядлівасці, прычым ён імкнуўся бараніць інтарэсы іншых асоб, а не шукаць нейкае карысці для сябе. Таму дыягназ віцебскіх псіхіятраў "параноіднае разладжанне асобы з устойлівымі кверулянцкімі тэндэнцыямі" выклікае сумневы ў адмыслоўцаў з грамадскай арганізацыі "Незалежная псіхіятрычная асацыяцыя Расіі". Бо ў Ігара Пастнова "ніколі не было ніякай падазронасці , недабразычлівага або насцярожанага стаўлення да навакольных", а памкненне да справядлівасці, барацьба за правы іншых людзей – гэта рыса ягонага характару, і яе нельга лічыць за "кверулянцкія тэндэнцыі" – за памкненне шляхам напісання скарг, зваротаў у вышэйшыя інстанцыя дасягнуць нейкіх уласных карыслівых мэтаў .    

"Такім людзям за кошт гэтых іх не заўсёды прыемных асаблівасцяў мы абавязаны прарыву закасцянелых стэрэатыпаў нашага бюракратычнага ўладкавання", -- пішуць расійскія псіхіятры. Учынкі Ігара Пастнова яны кваліфікуюць як "праваабарончыя" дзеянні, згадваючы ягоныя відэавыступы праз youtube.com з крытыкай на адрас мясцовых уладаў і стану медычных устаноў вобласці .

Адмыслоўцы лічаць, што для прымусовага змяшчэння на псіхіятрычнае лячэнне Ігара Пастнова ў жніўні мінулага года таксама не было дастатковых падстаў. Ягоны псіхічны стан адлюстроўваў толькі абвастрэнне канкрэтных рыс ягонага характару, і ніяк не ўяўляў небяспекі ні для грамадства, ні для яго самога – а менавіта гэтым беларускія медыкі тлумачылі тое, што Ігара Пастнова забрал ў “псіхушку” проста з працы – з іншага аддзялення абласнога шпіталя, у якім ён на той час працаваў. Расійскія калегі расцэньваюць гэта як парушэнне прафесійнай этыкі і бачаць парушэнне законных правоў Ігара Пастнова ў тым, што яму не далі магчымасці прысутнічаць на судзе, які санкцыянаваў прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, і не дазволілі звязацца з адвакатам, забяспечыўшы абарону сваіх інтарэсаў.

Віцебскага "лекара-праўдаруба" забралі ў псіхіятрычнае аддзяленне 16 жніўня мінулага года, 20 жніўня падчас закрытага судовага працэсу было санкцыявана прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, якое Ігар Пастноў праходзіў на працягу месяца.

29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення. 2 верасня была прынята сумесная заява БХК і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі віцебскага “урача-праўдаруба”. Беларускія праваабаронцы заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разгляду".
Аднак да гэтай пары аспрэчыць рашэнне Віцебскага райсуда не ўдалося. Таму Ігар Пастноў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства