Гродна: абласны суд прызнаў абгрунтаванасць вынясення штрафаў праваабаронцам
6 траўня ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйных скаргаў праваабаронцаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча на пастановы суда Ленінскага раёна горада, згодна з якімі яны былі асуджаны да вялікіх штрафаў. Нагадаем, што 3 красавіка суддзёй Наталляй Козел у раённым аддзяленні міліцыі Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель былі прызнаныя вінаватымі ў правядзенні 25 сакавіка нібыта несанкцыянаванага пікету і асуджаны да выплаты грашовых штрафаў – па 25 базавых велічынь кожны. Усё “парушэнне” заканадаўства палягала ў тым, што праваабаронцы ў Дзень Волі сфатаграфаваліся ля помнікаў і гістарычных мясцін з бел-чырвона-белымі, а таксама ўкраінскімі сцяжкамі і выставілі фотаздымкі ў інтэрнэце з віншаваннямі жыхарам Гродна.
На разглядзе касацыйных скаргаў суддзя Анатоль Заяц зачытваў уголас скаргі, а потым выслухаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча. Праваабаронцы спасылаліся на Канстытуцыю і даводзілі, што яны не парушылі аніводнага пункту заканадаўства, у тым ліку і Закона "Аб масавых мерапрыемствах”, паколькі ніякага пікету насамрэч не было. Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч даводзілі юрыдычную абсурднасць вынесенага рашэння суда, але суддзя не ўзяў пад увагу ніякіх аргументаў і падтрымаў пастанову суддзі Наталлі Козел.
Цяпер грамадскія праваабаронцы маюць намер абскарджваць рашэнне суда ў далейшай інстанцыі – падаць скаргі на імя старшыні абласнога суда.