viasna on patreon

Адміністрацыя прэзідэнта: Да Лукашэнкі даведзена, што Бяляцкі кампенсаваў шкоду

2014 2014-03-26T13:31:34+0300 2014-03-26T13:40:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

21 студзеня 2014 у Мінску праходзіла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі буйных беларускіх СМІ. Падчас яе дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай спытаў пра лёс палітвязня Алеся Бяляцкага.

 

Ліпай патлумачыў, што прадстаўнікі грамадскасці даўно кампенсавалі шкоду, якую, як вызначыў суд, нібыта нанёс дзяржаве праваабаронца Бяляцкі.

 

«Гэты ўрон дзяржаве ўжо даўно пакрыты за кошт ахвяраванняў грамадзян, хоць у нашай краіне не раз выпускалі на волю бізнесменаў, якія выплацілі буйнейшыя кампенсацыі. Дый у суседняй Расіі Пуцін нядаўна вызваліў з няволі свайго заўзятага саперніка Міхаіла Хадаркоўскага, урон ад дзеянняў якога вымяраўся непараўнальна большай сумай — 500 мільёнаў долараў», — зазначыў Ліпай.

 

Лукашэнка зрабіў выгляд, што ўпершыню чуе гісторыю пра Бяляцкага і адразу ж даручыў намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Радзькову разабрацца ў пытанні. «Гэта сур'ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю», — сказаў ён.

 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытанне пра ўжыванне да Бяляцкага амністыі.

 

З часу даручэння прайшло ўжо два месяцы. «Наша Ніва» накіравала Аляксандру Радзькову запыт: якім чынам вы данеслі кіраўніку дзяржавы інфармацыю аб кампенсацыі шкоды, нанесенай Бяляцкім?

 

Адказ даў загадчык галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко. Ён запэўніў, што «А.В.Бяляцкім кампенсавана вызначаная рашэннем суда шкода, нанесеная дзяржаве», а «інфармацыя па гэтым пытанні даведзена да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

 

Аднак «у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам пры разгляданні пытанняў аб памілаванні або ўмоўна-датэрміновым вызваленні факт кампенсацыі шкоды разглядаецца ў комплексе з іншымі абставінамі, якія заслугоўваюць увагі», – удакладняецца ў адказе.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў для «НН» адказ Адміністрацыі прэзідэнта: «Дзіўна, што ў дакуменце ўказаныя два шляхі вызвалення, калі існуе яшчэ адзін. Па-першае, Лукашэнка можа памілаваць чалавека з уласнай ініцыятывы. Гэта права прэзідэнта, замацаванае Канстытуцыяй. Аднак у нядаўняй заяве на выбарчым участку ён даў зразумець, што не будзе нікога вызваляць без прашэння аб памілаванні. Відаць, гэта такі «адказ Чэмберену». А прашэнне аб памілаванні Бяляцкі пісаць не будзе.

Па-другое, ёсць умоўна-датэрміновае вызваленне. Бяляцкага не выпусцяць умоўна-датэрмінова, бо ў яго шмат спагнанняў і ён мае статус «злоснага парушальніка». Зноў жа, Бяляцкі не прызнаў сваёй віны, а гэта абавязковы фактар для ўмоўна-дэтэрміновага. Па-трэцяе, застаецца закон аб амністыі. Хутчэй за ўсё, яго прымяркуюць да 3 ліпеня. Прынамсі, пра гэта казаў міністр унутраных спраў Шуневіч. Плануецца, што па амністыі выйдзе каля 2 тысячаў зняволеных. Аднак калі тэкст закона аб амністыі будзе адпавядаць 2012 году, Бяляцкі застанецца за кратамі, бо ў яго ёсць спагнанні і ён «злосны парушальнік» рэжыму пенітыцыярнай установы. Вядома, многія хацелі бы ўбачыць Бяляцкага на волі як мага хутчэй. Аднак па вялікім рахунку, вызваленне палітвязняў залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі, а такой волі няма. Найбольшую ролю тут граюць знешнія фактары, а яны не суцяшальныя. На фоне сітуацыі вакол Крыма відавочна далучэнне Лукашэнкі да халоднай вайны супраць Захаду на баку Расіі, узмацненне антызаходняй рыторыкі. У такой сітуацыі наўрад ці можна спадзявацца на вызваленне палітвязняў. Унутры Беларусі няма фактараў, якія б прымусілі адпусціць палітзняволеных. Палітвязні збольшага застаюцца клопатам праваабаронцаў. Насельніцтва ў сваю чаргу ці абыякава да гэтай праблемы, ці проста не ведае аб існаванні палітвязняў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства