Матэрыялы з інтэрнэту будуць доказамі ў судзе
Зь ліпеня гэтага году натарыюсы атрымліваюць права аглядаць пісьмовыя доказы, у тым ліку і разьмешчаныя ў сетцы Інтэрнэт, і складаць адпаведныя пратаколы.
Такі дакумэнт можна будзе выкарыстоўваць у якасьці доказу ў судзе пры разглядзе спраў пра парушэньне аўтарскіх правоў ці пра разьмяшчэньне несапраўднай інфармацыі.
Пра гэта нагадаў на прэс-канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі. Норма прапісаная ў законе «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасьці».
У 2013 годзе драматург Андрэй Карэлін быў аштрафаваны на 7 мільёнаў рублёў за тое, што пакінуў на інтэрнэт-форуме нэгатыўны камэнтар пра міліцыю.
Супраць Карэліна быў пачаты адміністратыўны працэс паводле артыкулаў «Зьнявага службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў» і «Зьнявага». Пазьней стала вядома, што Карэліна звольнілі з Новага тэатру пасьля тэлефанаваньня з Галоўнай управы ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму.