viasna on patreon

Быхаў: татальная праверка подпісаў за апазіцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты

2014 2014-02-16T19:08:28+0300 2014-02-16T19:08:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/antonau-siargej-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Антонаў

Сяргей Антонаў

Прадстаўнікі акруговай камісіі Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14 апытваюць амаль усіх грамадзян, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў быхаўскага пісьменніка і журналіста, сябра Партыі БНФ Сяргея Антонава. Прычым пытанне задаюць вельмі своеасаблівае – “а менавіта чаму вы падпісаліся за Сяргея Антонава?”.

“Складаецца вельмі цікавая сітуацыя – сябры акруговай выбарчай камісіі правяраюць подпісы практычна ўсіх тых людзей, хто падпісаўся за вылучэнне маёй кандыдатуры, - распавядае Сяргей Антонаў. – Скажам так, мяне гэта асабліва не хвалюе, бо ўсе подпісы за маё вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты аблсавета збіраліся добрасумленна. Здзіўляе іншае – сябры акруговай камісіі пытаюцца ў выбаршчыкаў не толькі пра тое, ці сапраўды яны падпісваліся за вылучэнне маёй кандыдатуры, а таксама спрабуюць высветліць, “а менавіта чаму вы падпісаліся за Сяргея Антонава?”. Пра гэта мне распавядаюць многія з тых людзей, хто паставіў свае подпісы за маё вылучэнне ў якасці кандыдата. А гэта ж пытанне сяброў акруговай камісіі абсалютна не датычыцца. Ідзе такі своеасаблівы прыхаваны ціск на людзей, каб у наступны раз яны задумаліся, ці патрэбна ім падпісвацца за прадстаўніка дэмакратычнай апазіцыйнай партыі”.

Згодна інфармацыі Сяргея Антонава, сябры акруговай камісіі не праводзяць праверку сапраўднасці подпісаў за вылучэнне іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Акрамя ініцыятыўнай групы Сяргея Антонава, у акруговую камісію Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14 здавалі подпісы ініцыятыўныя групы за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты Магілёўскага аблсавета дырэктара СЗАТ “Белатміт” Барыса Цыпорына і дырэктара ОСП “Грудзінаўскі завод харчовых прадуктаў” (спіртзавода) Віталія Каваленкі.

Актывістка “Гавары праўду” Таццяна Буланава, ініцыятыўная група за вылучэнне якой у якасці кандыдата ў дэпутата Магілёўскага аблсавета была таксама зарэгістраваная ў акруговай камісіі Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14, дакументы на рэгістрацыю ў камісію так і не прадаставіла.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства