Фільм «Урок беларускай мовы» і запіс канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў
Сёння газета «Рэспубліка» надрукавала афіцыйны спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Першым пунктам ідуць CD-дыскі, канфіскаваныя ў 2008 годзе ў журналіста Алеся Буракова. Гэта фільм польскага рэжысёра Міраслава Дэмбіньскага пра лёс закрытага ўладамі Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа. Другі дыск – гэта запіс канцэрту «Салідарныя з Беларуссю», які праходзіў у цэнтры Варшавы. Экстрэмісцкімі гэтую прадукцыю прызнаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна.
Таксама ў спісе альбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Яго экстрэмісцкім прызнаў суд Ашмянскага раёна. Тое рашэнне выклікала вялікае абурэнне ў Беларусі і свеце. Альбом змяшчаў здымкі найлепшых беларускіх фатографаў.
Астатнія пазіцыі ў спісе займаюць выданні пра гісторыю Расіі і некаторыя цячэнні праваслаўя. Вось некаторыя назвы: «Чытаючы Евангелле. Роздумы над евангельскімі чытаннямі. Хто мы: хрысціяне ці юдэі?» (выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва»), «Слова і Справа Івана Грознага», «Расія, прабудзіся. У абарону Айчыны», «Тайны сусветны ўрад», «Іга юдэйскае», «Вялес – Бог русаў».