viasna on patreon

Алесь Францкевіч: Чаму нам трэба «Ежа замест бомбаў»

2014 2014-02-12T14:13:42+0300 2014-02-12T14:13:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franckevich-vyzvalenne.jpg
Аляксандр Францкевіч у дзень вызвалення (3 верасня 2013)

Аляксандр Францкевіч у дзень вызвалення (3 верасня 2013)

Менск увесь у фарбах, увесь у запрашэннях на «свята» з фатаздымкамі знакамітых хакеістаў.

Яшчэ больш паказушны, чым раней, яшчэ больш глянцу на фасадах, за якімі хаваецца пачварная паліцэйская дыктатура. Можна хадзіць з вясёлай ухмылкай, у ружовых акулярах, дзівіцца чыстым вуліцам і прыгожай «савецкай архітэктуры», але варта тут пажыць, як ты разумееш, што Мінск даўно ўжо зрабіўся мёртвым горадам, у якім усё і заўжды ідзе па плане, а ініцыятыва караецца.

Магчыма, шмат хто ўжо чытаў пра акцыю «Ежа замест бомбаў» (Food not bombs, FNB) у Менску — было некалькі добрых рэпартажаў на гэтую тэму. Для тых, хто не чытаў: гэта штотыднёвая ініцыятыва, падчас якой маладыя людзі за свой кошт кормяць беспрытульных гарачай ежай і гарбатай. Але гэта не проста дабрачыннасць. У акцыі ёсць мэта — паказаць страшную няроўнасць ва ўзроўні жыцця сярод нашых грамадзянаў. І нягледзячы на тое, што акцыя ўзнікла ў ЗША, праблема беднасці і размеркавання сродкаў аказалася актуальнай практычна паўсюль, і нават у нашым далёкім магільным царстве «стабільнай сацыяльнай дзяржавы».

Беспрытульных прыходзіць нямала — людзі з разнастайнымі лёсамі. Нехта дайшоў да гэтага па сваёй волі, а некага давёў злы рок. Здараецца, што да бездані падштурхоўваюць і іншыя людзі, часам нават блізкія.

Маладыя людзі ў Мінску займаюцца гэтай ініцыятывай ужо каля васьмі год, не прыцягваючы ніякіх спонсараў, не дзеля справаздач — дзеля самой ідэі.

Але, як вы маглі здагадацца, у нашым царстве змярцвелага дабрабыту няма беспрытульных, няма галечы, ёсць палацы, аператыўнікі ў малінавых кашулях і вялікі хакеіст.

Юнакоў пачалі разганяць. Зачыняць канцэрты ў падтрымку FNB. Удзельнікаў саджаць на суткі. Хвалямі находзіць на акцыю тыповы беларускі міліцэйскі абсурд — не дапусціць, забараніць любым коштам! Не дзіўна, што пасля гучных рэпартажаў і перад Чэмпіянатам свету па хакеі высокія начальнікі адразу ж адрэагавалі ў тым жа ключы — разагнаць.

Можна было б, вядома, і скарыцца — раздаваць ежу ціхенька, непублічна, каб было ціха.

Але маладыя людзі вырашылі працягваць — перамагчы гэтую «партыйную лінію» ды расплюшчыць вочы ў паказушныя дні падрыхтоўкі і правядзення чэмпіянату на тое, што ў нас, аказваецца, «нешта не так»! Кожны з вас можа прыйсці і падтрымаць іх — ім як ніколі патрэбна вашая падтрымка. Калі вы журналіст — прыходзьце з камерай. Калі вы праваабаронца — прыходзьце, каб ацаніць сітуацыю. Калі вы проста спачуваеце — прыходзьце, можа нават з цёплымі рэчамі для беспрытульных, гэта ім дапаможа ў лютыя маразы. Праявіце салідарнасць!

Памятаеце, быў ужо ў гісторыі адзін чалавек, які маўчаў, пакуль прыходзілі за іншымі? А пасля прыйшлі і па яго.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства