viasna on patreon

Дзеячы інтэлігенцыі выказалі падтрымку арыштаваным фанатам

2014 2014-02-06T14:17:08+0300 2014-02-06T14:17:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/u-padtrymku-fanatau-bate.jpg
Акцыя ў падтрымку фанатаў БАТЭ і салідарнасцю з Украінай

Акцыя ў падтрымку фанатаў БАТЭ і салідарнасцю з Украінай

Яны вырабілі расцяжкі, аналагічныя тым, з якімі сфатаграфаваліся 23 фаны БАТЭ ў Барысаве. Акрамя таго, творцы трымалі плакат «Фанаты БАТЭ — малайцы».

 

Удзел узялі пісьменнікі Наталка Бабіна, Міхась Скобла, Славамір Адамовіч, спевакі Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч, джазмэн Павел Аракелян, кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык, бард Андрэй Мельнікаў, кінарэжысёры Вольга Мікалайчык і Алег Дашкевіч, мастак Міхал Анемпадыстаў, тэатральны рэжысёр Валер Мазынскі, гісторыкі Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч і Алег Гардзіенка, вэб-дызайнер Стась Карпаў, ветэран беларускай журналістыкі Сяргей Ваганаў ды іншыя.

 

Варта адзначыць, што ініцыятыву здымання шырока не разгалошвалі, каб справа не сарвалася.

 

«Гэта просты жэст чалавечай салідарнасці, — кажа аўтарка рамана «Рыбін горад» Наталля Бабіна. —Я падтрымліваю лозунгі, з якімі выйшлі барысаўскія хлопцы. І спачуваю хлопцам, і захапляюся імі».

 

«Па-першае, я фанат БАТЭ, — тлумачыць сцэнарыст «Ёлак», «Любові-маркові» і «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык. — Па-другое, я як юрыст па першай адукацыі магу сказаць, што тое, як праводзяцца суды ў нашай краіне — гэта ганьба. Судзіць людзей постфактум, па фота, праз трэція рукі — так не можа быць проста. Па-трэцяе, людзі маюць права падтрымліваць тое, што ім падабаецца», — кажа Курэйчык.

 

Рэпрэсій не баіцеся? «Я гатовы да іх, нават пашпарт з сабой узяў», — жартуе культавы рокер Лявон Вольскі.

 

«Мне баліць за Украіну, а гэтае фота — добры спосаб выказаць сваю занепакоенасць, абурэнне, — тлумачыць аўтар «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў. — І тое, што адбылося з хлопцамі з Барысава, якія сфатаграфаваліся – гэта не па-людску. Я дапускаю, што за нашую акцыю могуць быць нейкія санкцыі. Шкада было б згубіць час, калі трапіш на 10—15 сутак. Але калі прымаеш рашэнне, становіцца не так страшна».

 

Нагадаем, што 26 студзеня 23 хлопцы ў Барысаве зняліся з плакатамі «Украіна, мы з табой», «Героям слава». У руках яны таксама трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Так яны выказалі салідарнасць з украінскімі майданамі, у якіх чынны ўдзел бяруць акурат ультрас.

 

Барысаўская міліцыя распачала пошук удзельнікаў акцыі. Два хлопцы адбылі адміністратыўны арышт за сваю салідарнасць з Украінай. Астатнія — у вышуку.

Рэпрэсіі супраць барысаўцаў выклікалі абурэнне ў фанацкіх асяродках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства