Аналітычны даклад “За рэформы медыя ў Беларусі” прэзентаваны ў Менску
8 лютага спаўняецца пяць гадоў з моманту ўступлення ў сілу новага Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Сёння з гэтай нагоды адбылася прэзентацыя аналітычнага дакладу “За рэформы медыя ў Беларусі”, падрыхтаванага супольнымі намаганнямі міжнароднай арганізацыі “Індэкс цэнзуры” (Index on Сensorship) ды Беларускай асацыяцый журналістаў.
Даклад разглядае развіццё сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі ў 2010-2013 гадах, беручы пад увагу канкрэтныя рэкамендацыі справаздачы “За свабодныя і справядлівыя СМІ ў Беларусі”, падрыхтаванай па выніках місіі міжнародных арганізацый, у тым ліку “Індэкса цэнзуры” ў Мінску ў верасні 2009 года.
У дакуменце таксама аналізуецца заканадаўчая база краіны, што непасрэдна ўплывае на свабоду сродкаў масавай інфармацыі; у прыватнасці, разглядаецца пытанне, якім чынам свабода СМІ абмяжоўваецца праз працэсы рэгістрацыі СМІ і акрэдытацыі журналістаў, прымяненне крымінальнай дыфамацыі і закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Заключная частка даклада разглядае пытанні фізічнай бяспекі журналістаў.
“Закон аб СМІ застаецца рэпрэсіўным; ён не спрыяе развіццю плюралістычных і незалежных навінавых СМІ праз складаную працэдуру абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадугледжвае магчымасць закрыцця СМІ нават за невялікія парушэнні. Відавочна, што ўлады краіны маюць намер пашырыць гэтыя абмежавальныя прынцыпы і на рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-выданняў”, – адзначыў адзін з аўтараў дакладу, намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец.
За час, які ахоплівае чарговы аналіз сітуацыі з медыямі, было атрымана 105 адмоваў у рэгістрацыі новых сродкаў масавай інфармацыі, - паведаміў ён. Таксама ўзмацняецца эканамічная дыскрымінацыя незалежных СМІ, што вельмі яскарава адлюстравана ў прыведзеных у дакладзе табліцах.
Нягледзячы на сталы ціск з боку міжнародных структур і беларускай грамадзянскай супольнасці, улады краіны не жадаюць абмяркоўваць рэкамендацыі па змене заканадаўства аб СМІ і практыцы яго прымянення, накіраваныя на прывядзенне сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
“Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна спыніць любыя дзеянні, што парушаюць правы чалавека і свабоду СМІ. У краіне маюць распачацца паўнавартасныя рэформы медыясферы для спынення пераследу журналістаў і ліквідацыі празмернага ўмяшання дзяржавы ў свабоду сродкаў масавай інфармацыі. Змест дадзеных рэформаў павінен стаць вынікам дыялогу ўладаў краіны з прафесійнай і грамадзянскай супольнасцю Беларусі”, – заявіў супрацоўнік арганізацыі “Індэкс цэнзуры” Андрэй Аляксандраў.
«Індэкс цэнзуры» (Вялікабрытанія) – міжнародная арганізація, якая выступае ў абарону свабоды выказвання меркаванняў. «Індэкс» спалучае ў сваёй дзейнасці журналістыку, правядзенне кампаній і адвокасі-працу дзеля прасоўвання ідэалаў свабоды слова і дапамогі журналістам, пісьменнікам, блогерам, навукоўцам і актывістам, якія сутыкаюцца з цэнзурай і ціскам за выказванне сваіх ідэяў і перакананняў.