viasna on patreon

Эксперт: «Пакуль палітыкі будуць рэгуляваць правасуддзе, усе пласты насельніцтва будуць у небяспечным стане»

2014 2014-01-21T16:56:55+0300 2014-01-21T16:56:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/julieta-amirkhanyan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Джульета Амірханян

Джульета Амірханян

Журналіст і старшыня праваабарончай арганізацыі «Феміда» Джульета Амірханян распавядае аб сітуацыі з правамі чалавека ў Арменіі. Многія праблемы сугучныя з беларускімі.
 
- Я б хацела пачаць размову з вашага праекта "Маніторынг судовай сістэмы". Як вы яго ажыццяўлялі і да якіх высноваў прыйшлі?
- Мэта праекта - паказаць, як армянскія суды ўлічваюць рашэнні Еўрапейскага суда па скаргах нашых грамадзян, і ці спрыяе гэта паляпшэнню нашага правасуддзя. Арменія - тая краіна, дзе заканадаўчая аснова мае значэнне, але не вырашальнае. Практыка паказвае, што мы можам прымаць перадавыя і прасунутыя законы, але і чыноўнікі, і грамадзяне іх не выконваюць, - гэта наша нацыянальная рыса - абыходзіць і скажаць законы.
Іншы кампанент - тэлевізійная перадача «Судовы канал». Я вяду яе з 2000 года. Праграма грунтуецца на сапраўдных судовых працэсах. Мая ўстаноўка наступная - калі ёсць гучная крымінальная справа (да прыкладу, забойства ваеннага лекара Ваге Аветяна ў рэстаране дэпутата і алігарха Рубена Айрапецяна) , да яго і так будзе пільная ўвагу ўсёй журналісцкай супольнасці. Таму я аддаю перавагу паказваць працэсы, якія адбываюцца ў цішыні, да якіх няма пільнай увагі прэсы, у заняпалым раёне краіны, дзе парушаюцца правы радавых грамадзян - напаўпісьменных, у прававым сэнсе - наогул невуцкіх, з вельмі слабой адвакатурай ў рэгіёнах.
- Як вы ацэньваеце прававую культуру насельніцтва Арменіі?
- Вельмі нізкі ўзровень і прававой культуры, і прававой свядомасці, нават у вельмі інтэлігентных грамадзян. Не ведаюць элементарных рэчаў - што такое апеляцыйны суд або касацыйны суд, як звярнуцца да адваката. Дарэчы, да адвакатаў часта прад'яўляюць прэтэнзіі - я яму заплаціў, а справа прайграна. Людзі да гэтага часу не разумеюць, што адвакат - адзін з бакоў працэсу, ён бярэ грошы за сваю працу, але не можа гарантаваць на 100 % зыход справы.
- Ці існуюць у Арменіі дзяржаўныя праекты, каб павышаць правасвядомасць грамадзян?
- Не, дзяржава абсалютна ігнаруе гэтую праблему.
- У маніторынгах за папярэднія гады вы адзначаеце залежнасць судовай сістэмы Арменіі. У чым канкрэтна гэта праяўляецца?
- Залежнасць суда - ад уладных структур. Гэта не значыць, што парламент ці апарат прэзідэнта па любой справе трывожаць суддзяў. Але ёсць справы, дзе сутыкаецца інтарэс дзяржавы і грамадзяніна альбо буйной карпарацыі і грамадзяніна, тады вялікая верагоднасць, што рашэнне суда будзе спушчана «зверху». Калі суддзя не выконвае ўказанне «зверху», гэта называецца «не апраўдаў чаканні», а значыць, рызыкуе сваёй пасадай. І суддзяў у нас даволі часта караюць за іх «прынцыповасць» - патрабуюць напісаць заяву аб адстаўцы «па ўласным жаданні».
У той жа час, суддзі, якія прынялі няправільнае рашэнне, што пацвярджаецца ў касацыйным або апеляцыйным парадку, застаюцца беспакаранымі. Прывяду прыклад. Адзін з раённых суддзяў у рашэнні адзначыў, што так, у ходзе следства да абвінавачанага ўжываліся катаванні, - засоўвалі іголкі пад пазногці, але гэта рабілася ў інтарэсах правасуддзя. І вось гэты суддзя абыйшоўся лёгкім спалохам.
- Наколькі гэта распаўсюджаная практыка - прымяненне катаванняў да зняволеных у Арменіі?
- Гэта практыка не выкаранена на ўсёй постсавецкай прасторы. Улады адмаўляюць гэта. А калі падсудны ў зале суда заяўляе, што да яго ўжывалі фізічную сілу, суд пытаецца: «Як вы гэта можаце даказаць? Чаму вы, знаходзячыся ў СІЗА, не звярнуліся са скаргай? » Гэта значыць такія заявы часцей за ўсё ігнаруюцца і праваахоўнымі органамі, і судамі.
- Дзевяты год у вас у краіне дзейнічае амбудсмэн. Наколькі гэта самастойная і незалежная фігура?
- Амбудсмен выконвае больш дэкаратыўную функцыю, каб супакоіць еўрапейскіх палітыкаў, што ў Арменіі клапоцяцца аб правах чалавека. Не падобна, што да меркавання амбудсмена сур'ёзна прыслухоўваюцца нашы палітыкі.
- Наколькі СМІ асвятляюць прававую тэматыку?
- Прэса добра працуе ў гэтым напрамку, ёсць і тэматычныя праграмы, і нават тэматычныя выданни.
- Па апошніх дадзеных, Арменія займае трэцяе месца па свабодзе слова сярод краін Усходняга партнёрства. Вы падзяляеце гэты тэзіс?
- Трэцяе месца?
- Так, першае месца - у Малдовы, другое - у Грузіі, а трэцяе ў вашай краіны, Арменіі. Беларусь, дарэчы, апошняя ў гэтым спісе.
- Калі Арменія займае трэцяе месца, мне страшна падумаць, што адбываецца ў іншых краінах. Таму што ў нас няма ні аднаго вольнага тэлевізійнага канала. Мы маем ўсяго тры апазіцыйныя газеты. Лепшая сітуацыя з сайтамі - тут улада яшчэ не навучылася весці татальны кантроль.
- На ваш погляд, якое пытанне ў вобласці правоў чалавека сёння найбольш востра стаіць у Арменіі?
- Залежнасць судовай сістэмы. Пакуль палітыкі будуць рэгуляваць правасуддзе, усе пласты насельніцтва будуць у небяспечным стане. Для вырашэння гэтага пытання павінна быць палітычная воля кіруючай эліты. Калі яе няма, задача грамадзянскай супольнасці абазначыць гэтую праблему і патрабаваць яе рашэння. У любой краіне свету судовая сістэма ператварылася ў незалежную галіну ўлады па патрабаванні «знізу».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства