Мілінкевіч звярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Гарадзенскага гарвыканкама
Старшыня Палітрады дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч накіраваў адкрыты ліст старшыні Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэту Аляксандру Антоненка з просьбай спыніць распачатую "рэканструкцыю" старой Гародні. "Прашу Вас спыніць рэалізацыю распачатай "рэканструкцыі" старога горада. Я гатовы прыняць актыўны ўдзел у распрацоўцы сучаснай праграмы адраджэння гістарычнай часткі Гародні і праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У мяне ёсць магчымасць далучыць да гэтай працы лепшых экспертаў і рэстаўратараў Еўропы. Прапаноўваю супрацоўніцтва на карысць любімага горада."
"Нашы горад адзіны ў Беларусі захаваў вялікую частку гістарычнай забудовы. Каштоўнасцю з`яўляецца ўвесь комплекс старога горада, а не толькі асобныя помнікі архітэктуры. Сёння ў нас ёсць добры шанец унесці Гародню ў спіс гарадоў культурнай і гістарычнай спадчыны ЮНЭСКА. Пасля правядзення "рэканструкцыі" такая магчымасць практычна знікне", - адзначае Аляксандр Мілінкевіч у сваім лісце.
Лаурэат прэміі ім.Сахарава падкрэслівае, што архітэктурным помнікам Гародні патрэбная не рэканструкцыя, а рэстаўрацыя:
"У дачыненні да нашага старога горада варта выкарыстаць не тэрмін "рэканструкцыя" (перабудова), а рэстаўрацыя. Мяне перапаўняе боль магчымай страты сімвала Гародні - Каложскай царквы ХII стагоддзя. Будзе злачынствам яе "рэканструкцыя", храму неабходна навуковая рэстаўрацыя. Спроба адбудаваць разбураную часам яго частку ў выглядзе муляжа з імітацыяй старажытных муроў фактычна знішчыць унікальны помнік беларускай архітэктуры. Каложа патрабуе "празрыстай рэстаўрацыі": адноўленная сцяна павінна па структуры і матэрыялу адрознівацца ад існуючай. Толькі ў гэтым выпадку царква захавае статус помніка еўрапейскага значэння."
Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу старшыні Гарадзенскага гарвыканкама на ацэнку яго дзейнасці нашчадкамі.
"Аляксандр Ілліч, час, гісторыя, нашчадкі дадуць ацэнку Вашай дзейнасці на пасту старшыні Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэту. Я шчыра не хачу, каб Вы ўвайшлі ў гісторыю Гародні як мэр-разбуральнік. Няма нічога горш славы Герастрата."