1000 старонак турэмнай нядолі
Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных выходзіць у Вільні.Вялізны том пабачыць свет у пачатку наступнага года. Прымеркавана выданне да чарговай гадавіны разгону Плошчы-2010. Уступам да кнігі Рыгор Барадулін напісаў верш, радок з якога і даў назву ўсёй кнізе.
Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных. / Складальнік А. Фядута. — Вільня: ЕГУ, 2013. — 990 с.
Вялізны том пабачыць свет у пачатку наступнага года. Прымеркавана выданне да чарговай гадавіны разгону Плошчы-2010. Уступам да кнігі Рыгор Барадулін напісаў верш, радок з якога і даў назву ўсёй кнізе.
Анталогію склаў літара-туразнаўца Аляксандр Фядута. Ідэя да яго прайшла ў 2011, калі сам знаходзіўся за кратамі. «У адзіночнай камеры цяжка знайсці суразмоўцу, а суразмоўца быў вельмі патрэбны, каб не звар’яцець. І я пачаў пісаць вершы — як у юнацтве. Спачатку адрасаваў іх жонцы, пасля — сябрам. Затым я пачаў пісаць успаміны пра горад свайго дзяцінства», — тлумачыць сам Фядута, чаму пачаў пісаць за кратамі — каб гаварыць з паперай. Так узніклі «Амерыканскія вершы», якія ўжо выйшлі кнігай, і ўспаміны пра Гродна «Мой маленькі Парыж», фрагменты з якіх публікаюцца ў анталогіі.
«Голас волі з-за кратаў» склалі тэксты, напісаныя ў турме, на свабодзе, але пра зведанае ў няволі: вершы, проза, успаміны. Васямнаццаць аўтараў — 990 старонак.
У кнігу трапілі не толькі тэксты тых, хто пацярпеў па справе Плошчы-2010. Хаця такіх і большасць: Уладзімір Някляеў, Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Алесь Кіркевіч, Зміцер Дрозд… Сярод аўтараў — асуджаныя па справе анархістаў Аляксандр Францкевіч і Ігар Аліневіч, журналіст Андрэй Пачобут. Публікуюцца фрагменты з кнігі былога міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Лявонава, дзённікі журналіста Паўла Шарамета.
Анталогія не ўсёабдымная. «Шэраг аўтараў з той ці іншай прычыны адмовілiся змясціць свае тэксты. Нехта папросту не паспеў іх перадаць. Пра некаторыя тэксты мы даведаліся тады, калі праца над кнігай была збольшага скончаная. Чыесьці кнігі выйшлі дастаткова вялікімі накладамі зусім нядаўна і даступныя шырокаму чытачу ў інтэрнэце», — тлумачыць складальнік.
Творы надрукаваны на мове арыгіналу — то бок па-беларуску, па-расійску ці па-польску.
Выданне здзейснена пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра.