Гомельскага актывіста аштрафавалі на 20 базавых велічынь за «Дзяды»
10 снежня суд Навабеліцкага раёна Гомеля прызнаў вінаватым мясцовага грамадскага актывіста Уладзіміра Шыцікава ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця на «Дзяды». Нагадаем, 3 лістапада група актывістаў гомельскіх дэмакратычных сіл усклала вянок да крыжа на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Шэсце з бел-чырвона-белым сцягам адбылося на ўскраіне горада і доўжылася ўсяго каля дзвюх хвілін. За гэта суддзя Таццяна Шаўчэнка аштрафавала Шыцікава на 20 базавых велічынь.
Безумоўна, актывіст не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць - бо лічыць, што правы на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў яўна парушаны.
Асаблівасць справы Уладзіміра Шыцікава ў тым, што ён нават не ведаў, што ў дачыненні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яго не выклікалі ў міліцыю, а копію пратакола актывіст атрымаў па пошце.
Нагадаем, 13 лістапада суддзя Сяргей Новікаў вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці намесніка старшыні АГП Васіля Палякова - за тое ж самае шэсце на «Дзяды». Палітыка прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 23.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакаралі штрафам у памеры 4,55 мільёна рублёў, 35 базавых велічынь.