Брэсцкі абласны суд падтрымаў забарону пікета ў Бярозе
Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу праваабаронцаў з Бярозы, якія прасілі прызнаць незаконннай забарону пікета 4 жніўня і адмяніць рашэнне суду Бярозаўскага раёну, які прызнаў рашэнне райвыканкаму правамоцным. Па словах праваабаронцы Сержука Русецкага, адмова ў пікеце ў падтрымку палітвязняў парушыла канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў і меркаванняў.
Прычынай для адмовы стала адсутнасць дамоў з міліцыяй і бальніцай. Як раённы суд, так і абласны не звярнулі ўвагі на довады праваабаронцаў аб немагчымасці заключэння дамоў. Міліцыя спаслалася на Пастанову Саўміна №207 ад 2012 года, у п.5 якой сказана, што пасля падачы заявы цягам сутак райвыканкам павінен даслаць копію заявы ў міліцыю для ўзгаднення (чаго райвыканкам не зрабіў). Бальніца бярозаўская не заключыла дамову, бо гэта не прадугледжана ў дакументах Міністэрства аховы здароўя і няма нават прэйскуранта на падобныя паслугі.
Праігнаравалі суддзі таксама і тое, што райвыканкам значна парушыў тэрміны адказу.
Па словах праваабаронцаў, яны будуць змагацца як ў нацыянальных судовых інстанцыях за свае правы, так і пры неабходнасці – накіруюць скаргу ў Камітэт правах чалавека ААН.