На галоўнага ідэолага Беларусі ўсклалі каардынацыю працы тэлевізійных і інтэрнэт-СМІ
На памочніка прэзідэнта — начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення (на гэты час Усевалада Янчэўскага) ўскладзены некаторыя функцыі ў сферы інфарматызацыі, у тым ліку каардынацыя СМІ, якія распаўсюджваюцца праз тэлевяшчанне і інтэрнэт.
Пра гэта сказана ва ўказе прэзідэнта № 531 "Аб некаторых пытаннях інфарматызацыі" ад 2 снежня 2013 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У адпаведнасці з указам на памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ускладзена функцыя па забеспячэнні правядзення дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферах інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, тэлекамунікацый і высокіх тэхналогій.
У прыватнасці, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення каардынуе ў межах кампетэнцыі дзейнасць СМІ, якія распаўсюджваюцца пры дапамозе тэлевізійнага вяшчання і інтэрнэту; узгадняе праекты нарматыўных прававых актаў у сферах інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, тэлекамунікацый і высокіх тэхналогій, а таксама інвестыцыйныя праекты ва ўказаных і іншых сферах, аднесеных да яго кампетэнцыі, якія рэалізуюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.
Акрамя таго, галоўны ідэолаг краіны будзе ўзгадняць дзяржаўныя, галіновыя і рэгіянальныя праграмы інфарматызацыі, а таксама ўносіць прапановы прэзідэнту, Саўміну, іншым дзяржаўным органам і арганізацыям аб прызначэнні (ўзгадненні прызначэння) на пасаду і вызваленні ад пасады кіраўнікоў (намеснікаў кіраўнікоў) Мінсувязі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Дэпартамента інфарматызацыі Мінсувязі, намеснікаў кіраўнікоў іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, на якіх ускладзена адказнасць за рэалізацыю праграм інфарматызацыі.
Фінансаванне дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі мерапрыемстваў у сферы інфарматызацыі, не ўключаных у адпаведную праграму інфарматызацыі, або праграм інфарматызацыі, не ўзгодненых з начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, не дапускаецца.