Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў гомельскага апазіцыянера Уладзіміра Сякеркі
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы мір” Уладзіміра Сякеркі на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы ў снежні 2007 года правесці ў Гомелі мітынг у знак нязгоды з адменай льготаў усяму насельніцтву краіны.
Адпаведнае рашэнне ААН даступна ў Інтэрнэце пакуль на ангельскай мове.
У Камітэт ААН Уладзімір Сякерка паскардзіўся пасля таго, як не знайшоў абароны сваіх правоў унутры краіны. Гомельскі гарвыканкам забараніў яму, як і іншым 45 актывістам, правесці у абласным цэнтры серыю масавых мерапрыемстваў супраць прыняцця закону аб адмене льготаў усяму насельніцтву, уключаючы дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў. Мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі тады ад дэмакратаў аплаціць паслугі міліцыі, камунальшчыкаў ды хуткай дапамогі.
Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірных сходаў можна забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, ахову маральнасці і здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то парушыў права заяўніка на свабоду правядзення мірнага сходу паводле артыкула 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
На падставе рашэння Камітэту ААН Урад Беларусі мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні». Акрамя таго, беларусія ўлады абавязаны «змяніць нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго прымянення такім чынам, каб забяспечыць кожнаму права на свабоду правядзення мірных сходаў».
Прынятае рашэнне Урад Беларусі павінен апублікаваць у афіцыйных СМІ і выканаць яго цягам 180 дзён.
Сайт "Гомельскай вясны"