Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай беларускай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя”- праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Асоба. Дзяржава. Грамадства” ды “Навіны палітвязняў”.
Анонс выпуску:
“Хроніка пераследу”: хто з беларускіх чыноўнікаў выключаны з "чорных спісаў" на ўезд у Еўрасаюз, чаму інвалід-калясачнік судзіцца з нацыянальным аэрапортам, а таксама за што ў Гродне судзяць супрацоўнікаў памежнага пераходу "Прывалкі".
"Падзея тыдня" прысвечана абмеркаванню парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якое адбылося на мінулым тыдні ў Генеральнай Асамблеі ААН з удзелам беларускіх праваабаронцаў і прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацый, якія вядуць працу па Беларусі.
"Асоба. Дзяржава. Грамадства": 4 лістапада Праваабарончы цэнтр "Вясна" абвясціў пра пачатак новага этапу маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў у Беларусі. Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх грамадзянаў з просьбай паведамляць інфармацыю пра становішча асуджаных у турмах, калоніях, ізалятарах, лячэбна-працоўных прафілакторыях, калі ў іх выпадку парушаюцца правы чалавека. Калі ў вас ёсць такія гісторыі, пра іх можна пісаць на электронны адрас - info.zakratami@gmail.com ці на паштовы адрас - 220114, Мінск, абаненцкая скрыня 203. Пра праблемы месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі распавядае адзін з ініцыятараў маніторынгу юрыст Павел Сапелка.
“Навіны палітвязняў”: Пасля працяглага перапынку Марына Адамовіч пачала атрымліваць лісты ад свайго мужа – палітзняволенага Мікалая Статкевіча; Дазвол на кароткатэрміновае спатканне атрымалі сваякі палітвязня Арцёма Пракапенкі.
У музычных паўзах - песні гурта “Tlusta-Lusta”.