Адміністрацыя СІЗА адмовілася прыняць літаратуру для арыштаванага Андрэя Клімава
Жонка апазіцыйнага лідэра Андрэя Клімава спрабавала сёння перадаць кнігі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску, аднак адміністрацыя СІЗА адмовілася прыняць літаратуру для палітвязня. “Мы перадавалі 14 кніг – Пялевіна, Канчалоўскага, Уэльбэка, Рэйгана, падручнікі і г.д. Адмовіўся іх прыняць начальнік аддзела па выхаваўчай працы маёр Дзянісік. Сказаў, што ён выдатна ведае хто такі Клімаў, і менавіта таму ніякіх выключэнняў рабіць не збіраецца – кнігі можна браць толькі з бібліятэкі ізалятара”, – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст апазіцыі Цімафей Дранчук, які разам з Таццянай Клімавай спрабаваў перадаць кнігі ў ізалятар. Раней адміністрацыя СІЗА адмовілася перадаць Клімаву радыёпрыёмнік.
Нагадаем, што Андрэй Клімаў знаходзіцца ў СІЗА з 3 красавіка. Палітыка абвінавачваюць у закліках да гвалтоўнага звяржэння ўлады, якія нібыта змешчаныя ў яго артыкуле, апублікаваным у Інтэрнэце.
За час кіравання Аляксандра Лукашэнкі яго актыўны апанент, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэй Клімаў прабыў у зняволенні 5,5 гадоў. Больш як 4 гады ён адбываў пакаранне ў калоніі па абвінавачванні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў, хоць міжнародная супольнасць прызнала палітыка Вязнем сумлення. Яшчэ паўтара гады Клімаў правёў на “хіміі” – за арганізацыю масавай акцыі пратэсту 25 сакавіка 2005 года.