1 лістапада віцебскія актывісты будуць судзіцца з гарвыканкамам
Атрымаўшы адмову на правядзенне шэсця і мітынгу, каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў звярнуліся ў Кастрычніцкі райсуд. Актывісты лічаць, што чыноўнікі парушылі заканадаўства, забараніўшы акцыі, і парушылі правы грамадзянаў на свабоднае выражэнне сваіх думак.
Заяўка Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава, не задаволеная гарадскімі чыноўнікамі, тычылася правядзення акцый салідарнасці з урачом Ігарам Пастновым, які на той час знаходзіўся на прымусовым псіхіятрычным лячэнні. Актывісты хацелі выказаць пратэст супраць выкарыстання псіхіятрычных медычных установаў супраць грамадзянаў, якія выказваюць сваю нязгоду з уладамі.
Шэсце планавалася па тэрыторыі некалькіх раёнаў горада, таму заяўка была пададзена ў гарвыканкам, а не ў раённыя адміністрацыі.
Адмова актывістам прыйшла за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Уладзіміра Шломы. Ен спасылаўся на рашэнне гарвыканкаму ад 10.07.2009 г. № 881 "Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску", згодна з якім заяўнікі мерапрыемстваў мусяць разам з заяўкай прадставіць уладам і дамовы на абслугоўванне акцый структурамі ЖКГ, міліцыяй і медыкамі.
"Аднак у рашэнні Віцебскага гарвыканкаму нічога не гаворыцца пра арганізацыю шэсцяў – толькі пра пікеты і мітынгі. Адпаведна, чыноўнікі далі нам адмову беспадстаўна, спаслаўшыся на гэтае рашэнне ў дадзеным выпадку. І гэта відавочнае парушэнне нашага права на свабоду масавых мерапрыемстваў", -- тлумачыць сітуацыю Аляксей Гаўруцікаў.
Ён падкрэслівае, што і само рашэнне № 881 "Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску" практычна не выканальнае:
"Усе нашы ранейшыя спробы напярэдадні пікетаў ці мітынгаў заключыць дамовы з адказнымі структурамі сканчваліся крахам. Адказныя асобы не пагаджаюцца на супрацоўніцтва, пакуль няма дазволу на акцыю ад органа ўлады. А ўладныя структуры патрабуюць такіх дамоваў. Атрымліваецца зачараванае кола, у якім мы круцімся ўжо 3, 5 гады. За гэты час віцебскім апазіцыянерам не ўдалося атрымаць ніводнага дазволу на правядзенне масавых акцый".
Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў просяць суд прызнаць апошнюю адмову гарвыканкаму незаконнай, бо яна вынесена неадпаведным чынам і парушае правы грамадзянаў. Актывісты просяць таксама, каб суд абавязаў гарвыканкам даць дазвол на акцыі – шэсце і мітынг, прысвечаныя ранейшай праблеме. Хаця Ігар Пастноў ужо выйшаў з псіхіятрычнага шпіталю, пагроза выкарыстання псіхіятрычных медычных установаў супраць грамадзянаў, якія выказваюць сваю нязгоду з уладамі, лічаць віцебскія апазіцыянеры.