viasna on patreon

«Справаводства па-беларуску!» прапанавала органам улады зрабіць вулічныя шыльды на дзвюх дзяржаўных мовах

2013 2013-10-24T11:53:25+0300 2013-10-24T11:53:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spravavodstva-pa-belarisku.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзянская ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» сумесна з грамадзянскай ініцыятывай «Гомельскі дэмакратычны форум» і маладзёжным клубам «Цывілізацыя» правялі даследаванне таго, як прадстаўлена беларуская мова на вулічных шыльдах у Гомелі і вобласці. Агляд шыльдаў на гомельскіх вуліцах паказаў, што шыльды па-руску складаюць прыкладна 80-85%. Па-беларуску выкананы ў асноўным тыя шыльды, што былі зроблены яшчэ ў БССР, альбо зроблены ў наш час, але не цэнтралізавана, а па ініцыятыве ўласнікаў дома альбо памяшканняў.

«Абсалютна не назіраецца адзінага стандарту выканання вулічных шыльдаў, да таго ж яны ў большасці выпадкаў дрэнна заўважныя, што дадае нязручнасці гараджанам пры жаданні адшукаць патрэбны дом ці вуліцу. Між тым, пакуль застаецца фактам тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Падобная сітуацыя і ў Фінляндыі, дзе дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца фінская і шведская. Пры тым, што шведаў у Фінляндыі толькі 4%, пытанне з мовай вуліц па ўсёй краіне вырашана такім чынам, што шыльды вырабляюцца на двух дзяржаўных мовах адначасова»,– адзначыў аўтар ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак.

Актывістамі былі зроблены адпаведныя запыты ў райвыканкамы вобласці, Гомельскі гарвыканкам, Гомельскі аблвыканкам, а таксама адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля.

Па выніках разгляду пазначаных зваротаў былі атрыманы адказы рознага характару. Адказы з Акцябрскага, Калінкавіцкага і Жлобінскага райвыканкамаў былі збольшага негатыўнымі, са спасылкамі на фінансавую немэтазгоднасць і заканадаўчую неўрэгуляванасць па дадзенаму пытанню.

З Мазырскага, Лоеўскага, Петрыкаўскага райвыканкамаў рэакцыя была з большага пазітыўнай і было паведамлена, што пытанне прынята да ўвагі. Хойніцкі, Жыткавіцкі, Рагачоўскі райвыканкамы паведамілі, што вулічныя шыльды адразу на двух дзяржаўных мовах будуць вырабляцца пры наяўнасці магчымасцяў і фінансавых сродкаў.

Кармянскі райвыканкам паведаміў, што згодзен з тым, што вулічныя шыльды павінны вырабляцца на двух дзяржаўных мовах. Праца па замене вулічных шыльдаў будзе праведзена пры правядзенні рамонтных работ і фінансавых магчымасцях.

Светлагорскі райвыканкам паведаміў, што прапанова аб выкананні вулічных шыльдаў на двух дзяржаўных мовах заслугоўвае ўвагі. Для абмеркавання механізмаў прававой рэалізацыі прапановы яна была перададзена дэпутату Палаты прадстаўнікоў па Светлагорскай выбарчай акрузе №46, члену пастаяннай камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту Галіне Філіповіч.

Нараўлянскі райвыканкам па пытанню вулічных шыльдаў даў такі адказ: раённы Савет дэпутатаў стварыў па дадзенаму пытанню адпаведны нарматыўна-прававы акт – рашэнне аб найменні вулічна-дарожнай сеткі ў Нароўлі на беларускай і рускай мовах. Дадзенае рашэнне зараз праходзіць неабходныя юрыдычныя працэдуры.

Гомельскі аблвыканкам па пытанню дублявання вулічных указальнікаў па-беларуску і па-руску пазітыўна аднёсся да прапановы. У адказе пазначана, што парадак выкарыстання дзяржаўных моў непасрэдна пры афармленні шыльдаў з назвамі вуліц законам «Аб мовах» не вызначаны.

«Зыходзячы з вышэй пазначанага, можна канстатаваць, што мясцовыя ўлады гомельскага рэгіёну ў цэлым пазітыўна ставяцца да пашырэння выкарыстання беларускай мовы на вулічных шыльдах. Але гэта пытанне не дастаткова нарматыўна ўрэгулявана, што дае падставы тармазіць гэты працэс», - падводзіць рысу Ігар Случак.

Акрамя іншага, у гомельскім мікрараёне «Давыдаўка» па прапанове ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!», падтрыманай ініцыятывай «Гомельскі дэмакратычны форум» і маладзёжным клубам «Цывілізацыя», на 30-35% дзвярах пад’ездаў былі размешчаны ўказальнікі з назвай вуліц па-беларуску.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства