Андросенка: Супраць «Эўрабачаньня» ідзе хваля гістэрычнай гамафобіі
Байкатаваць «Эўрабачаньне-2014» і забараніць трансьляцыю гэтага конкурсу ў Беларусі з-за ўдзелу ў ім Канчыты Вурст, якая прадстаўляе Аўстрыю, заклікаў у пэтыцыі на сайце сhange.org 26-гадовы Арцём Кірашоў з Барысава.
Арцём уваходзіць у шэраг пралукашэнкаўскіх суполак у сеціве, сярод якіх «Мы против оранжевой „революции“ в Беларуси», «За ЛУКАШЕНКО! Мы против прозападной оппозиции», «Мы против политики США, НАТО, ЕС и ООН! Анти-США», «Я люблю Лукашенко», «А.Г Лукашенко — наш Президент!». Ён адміністратар суполкі «Легіён Аляксандра Лукашэнкі».
Арцём Кірашоў жыве ў Барысаўскім раёне, працуе вэтэрынарам. Жанаты, мае 9-месячную дачку. Захапляецца музыкай. З часоў навучаньня ў школе ўваходзіць у БРСМ, аднак актыўным яго сябрам сябе ня лічыць.
У інтэрвію Радыё Свабода Арцём патлумачыў, чаму лічыць неабходным забараніць трансьляцыю «Эўрабачаньня»:
«У конкурсе „Эўрабачаньне“ ўжо расчаравалася вельмі шмат людзей. Гэта бачна ў онлайн-абмеркаваньнях, на форумах. Столькі было скандалаў наконт палітычнай ангажаванасьці гэтага конкурсу, наконт падліку галасоў. У нашым разуменьні конкурс ператварыўся ў памыйную яму. А тут яшчэ адкрытыя трансвэстыты. Некаторыя кажуць, што раней была Дана Інтэрнэшнл і Верка Сярдзючка, але гэта ня йдзе ні ў якае параўнаньне. На фатаздымках Канчыты мы бачым барадатага мужыка ў ультра-міні кароткай сукенцы. Я супраць „Эўрабачаньня“ ў прынцыпе, а таксама супраць прапаганды каштоўнасьцяў меншасьцяў, якія менавіта з Эўропы нам спрабуюць навязаць і даказаць, што гэта добра і нармальна. У беларусаў не такі мэнталітэт. Правільна сказаў прэзыдэнт, што мы яшчэ не дасьпелі да гэтага».
«Канкурсантам на „Эўрабачаньні-2014“ ад Аўстрыі стаў сьпявак-трансвэстыт Канчыта Вурст, які прапагандуе лад жыцьця, непрымальны для беларускага грамадзтва. Папулярны міжнародны конкурс, які будуць глядзець нашыя дзеці, з падачы эўрапейскіх лібэралаў стаў рассаднікам садаміі!», — гаворыцца ў пэтыцыі, адрасаванай Міністэрству інфармацыі Беларусі. У міністэрстве пацьвердзілі, што зварот атрыманы, і паведамілі, што цяпер ён у стане разгляду.
Пэтыцыю ўжо падпісалі 1992 чалавекі. «Гэта простыя беларусы, якім неабыякавы лёс краіны, якіх непакоіць маральны дабрабыт іх дзяцей», — паведаміў Арцём у інтэрвію парталу, прысьвечанаму «Эўрабачаньню», — www.ogae.by. Пасьля публікацыі матэрыялу пра пэтыцыю на расейскіх рэсурсах да ініцыятывы падключыліся і расейцы. Некаторыя нават прапануюць стварыць падобны зварот да расейскага кіраўніцтва.
Канчыта Вурст — псэўданім 24-гадовага Тома Ньювэрза. На пачатку сваёй кар’еры сьпявак выступаў у звычайным вобразе і нават удзельнічаў у бойз-бэндзе «Jetzt Anders». Як Канчыта Вурст ён упершыню зьявіўся на шоў талентаў «Die grosse Chance», пасьля чаго стаў рэгулярна выступаць у вобразе барадатай дзяўчыны. Выбар прадстаўніка Аўстрыі на «Эўрабачаньні 2014» адбыўся без нацыянальнага галасаваньня — рашэньне прыняло Грамадзкае тэлебачаньне Аўстрыі ORF. Песьня, зь якой выступіць Канчыта Вурст, называецца «That’s what I am» — «Вось што я такое». Сьпявак выконвае яе ў доўгай бліскучай сукенцы з глыбокім дэкальтэ.
Адзін з заснавальнікаў Праваабарончага цэнтру «Лямбда» Сяргей Андросенка кажа, што напярэдадні Чэмпіянату сьвету па хакеі Беларусь ня пойдзе супраць Эўропы і не адмовіцца ні ад удзелу ў «Эўрабачаньні», ні ад яго трансьляцыі:
«Эўрабачаньне-2014» пройдзе з 6 па 10 траўня ў сталіцы Даніі Капэнгагене. У конкурсе ня раз бралі ўдзел выканаўцы нетрадыцыйнай арыентацыі або тыя, хто выступае ў сцэнічным вобразе іншага полу. Напрыклад, у 1998 годзе перамогу атрымала Дана Інтэрнэшнл з Ізраілю, у 2003 годзе Расею прадстаўляў гурт «t.A.T.u.», у 2007-м ад Украіны выступала Верка Сярдзючка.
Паводле правілаў «Эўрабачаньня» ўсе ўдзельнікі павінны забясьпечыць трансьляцыю ў жывым эфіры і без купюр. Калі Беларусь выдаліць некага з паказу, то ёй пагражае дыскваліфікацыя на некалькі гадоў.