viasna on patreon

Гродна: суд прызнаў законнай забарону пікету

2013 2013-09-23T20:19:22+0300 2013-09-23T20:19:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saz_jurg_hilm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзве з паловай гадзіны працягваўся 23 верасня разгляд скаргі гродненскіх праваабаронцаў на рашэнне Гродненскага гарвыканкаму, якім было забаронена правядзенне ў горадзе інфармацыйнага пікету ў падтрымку палітзняволенага Алеся Бяляцкага. У выніку разгляду грамадзянскай справы суддзя Ленінскага раённага суду Жана Краўчанка не задаволіла скаргу Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля.

  Нагадаем, што скарга праваабаронцаў была складзеная 30 жніўня на афіцыйны адказ гарвыканкаму ад 1 жніўня, якім было забаронена правядзенне інфармацыйнага пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага 4 жніўня.

   Суддзя прадказальна ўзяла бок Гродненскага выканкаму, ігнаруючы нават той факт, што гарвыканкам пратэрмінаваў з афіцыйным адказам, груба парушыўшы першы пункт артыкулу 6 закону Рэспублікі Беларусь “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў”. Пракурор таксама была цалкам на баку выканаўчай улады, не звярнуўшы ўвагу суда на парушэнне заканадаўства з боку гарвыканкаму.

   Жана Краўчанка таксама не задаволіла некалькі хадайніцтваў заяўнікаў, у прыватнасці, хадайніцтва занатоўваць іх выступы і паказанні ў пратакол паседжання па-беларуску.

   Пазіцыю гарвыканкаму бараніла прадстаўніца юрыдычнага аддзелу Святлана Калеснік. Яна так і не змагла даць уцямнага адказу – хто і калі прыняў рашэнне аб забароне правядзення пікету і ўхілялася ад адказаў на большасць пытанняў правабаронцаў.

   Праваабаронцы даводзілі пра парушэнне іх грамадзянскіх правоў, якія ім гарантуе Канстытуцыя краіны і міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Беларуссю. Фактычна атрымаць адказ на пытанне – якім чынам у горадзе над Нёманам можна атрымаць дазвол правесці пікет нават тэарэтычна – ім так і не ўдалося. Цяпер Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель, якія перакананыя ў тым, што гарвыканкам парушыў іх канстытуцыйныя правы, маюць намер абскардзіць рашэнне Ленінскага раённага суду ў вышэйшых інстанцыях.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства