viasna on patreon

Сястра Ігара Пцічкіна абскардзіла сваё затрыманне

2013 2013-09-23T16:20:20+0300 2013-09-23T16:42:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miranovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ірына Мірановіч у дзень затрымання. Фота: svaboda.org

Ірына Мірановіч у дзень затрымання. Фота: svaboda.org

Ірына Мірановіч лічыць незаконным сваё затрыманне ў дзень памяці брата, памерлага ў мінскім СІЗА-1 Ігара Пцічкіна. 23 верасня яна накіравала ў Мінскі гарадскі суд скаргу на пастанову суда Цэнтральнага раёна па сваёй адміністратыўнай справе.

Жанчына, якая знаходзіцца на 9-м месяцы цяжарнасці, была затрыманая 14 верасня на скрыжаванні вуліц Няміга і Гарадскі Вал, калі разам са знаёмымі накіроўвалася да СІЗА па вуліцы Валадарскага, каб ушанаваць памяць брата, усклаўшы кветкі да сцяны Валадаркі. Пасля суд Цэнтральнага раёна Мінска абвінаваціў яе ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП падвергнуў адміністратыўнаму спагнанню ў выглядзе папярэджання.

Гэтую пастанову суда Ірына Мірановіч лічыць незаконнай.

"Мы ішлі да СІЗА, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць майго брата, забітагаў выніку ўсяго гэтага я зразумела, што яго адназначна забілі) супрацоўнікамі праваахоўных органаў». Сорак дзён па ім было на некалькі дзён раней, але мы перанеслі на суботу, каб усе яго сябры, знаёмыя маглі сабрацца, таму што людзі працуюць, вучацца. Мы спыніліся на светлафоры, я трымала ў руках кветкі і партрэт брата. І раптам спыняецца  "бус " насупраць мяне, адчыняюцца дзверы -  "заходзьце",  "сядайце". Я ўвайшла. Я разумела, што нас затрымліваюць. І падумала, што ўсё ж такі я цяжарная, а раптам пачнуць штурхаць або яшчэ там нешта. Лекары паставілі мне пагрозу заўчасных родаў, я да гэтага ляжала на захаванні... А тут такія здаровыя амбалы - паспрабуй, як кажуць, ім запярэчыць, хто ведае, што там магло б здарыцца..."- узгадвае сваё затрыманне Ірына.

Паводле слоў жанчыны, ні падчас затрымання, ні падчас знаходжання ў РУУС ёй ніхто не прадставіўся, не патлумачыў прычыны затрымання. "Я пыталася, хто вы і што вы, а там адзін такі здаровы глядзіць на мяне з-пад ілба: "вы ўсё ведаеце". Пытаюся, што я ведаю і дзе я наогул знаходжуся. Затым адзін з затрыманых сказаў мне, што гэта Цэнтральнае РУУС. Тэлефоны нам сказалі выключыць, нікому званіць не дазволілі. Затым увайшоў адзін міліцыянер у пагонах, затрыманыя з намі журналісты сказалі яму, што тут вось дзяўчына цяжарная, але ён, са здзекам перапытаўшы, гэта хто цяжарны, выйшаў і больш я яго не бачыла. Калі перапісалі нашыя дадзеныя і нас вывелі з кабінета, нам пачалі загадваць - "сталі ў шэраг тварам да сцяны". Пытаюся: "Дык што, у нас тут няма ніякіх правоў?" - "Так, няма"... Пасля ўсяго, што я там на свае вочы ўбачыла, на сабе адчуўшы стаўленне супрацоўнікаў праваахоўных органаў да людзей, я ўпэўненая, што яны майго брата забілі..."

У скарзе ў Мінскі гарадскі суд, якую Ірына Мірановіч падрыхтавала з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтра "Вясна", яна ўказвае: "Судом не ўстаноўлены акалічнасці, якія дазволілі б назваць маё знаходжанне на перакрыжаванні пікетам. Я мела права ўскласці кветкі ў 40 дзён пасля гібелі майго брата, гэта з'яўлялася формай выяўлення мною павагі да яго памяці".

Таксама, з улікам палажэнняў Канстытуцыі Беларусі і нормаў міжнароднага права, у скарзе Ірыны Мірановіч паведамляецца: "Маё затрыманне ў дадзеным выпадку абмежавала права на свабоду выказвання меркавання і права на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў (з улікам вытлумачэння ўскладання кветак як пікету, а пікету - як масавага мерапрыемства паводле нацыянальнага Закону). Затрыманне і прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці з'яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабод і скіравана не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў у выяўленні мною стаўлення да гібелі майго брата ў сценах дзяржаўнай установы.
Фармальную падставу для прыцягнення мяне да адміністратыўнай адказнасці далі нормы артыкулаў 3 і 10 Закона. Гэтыя і некаторыя іншыя палажэнні Закона парушаюць гарантаваныя Канстытуцыяй права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, а таму павінны быць прызнаныя неканстытуцыйнымі".

Ірына Мірановіч просіць Мінскі гарадскі суд адмяніць пастанову суддзі Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 16 верасеня 2013 года, а таксама паставіць перад Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь пытанне аб унясенні ім прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб прызнанні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» ад 30.12.1997 года неканстытуцыйным.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства