Бялынічы: суд пастанавіў – паклёпу ў публікацыі ў “Магілёўскім Выбары” няма, а выданне распаўсюджвалася законна
16 верасня суд Бялыніцкага раёна працягнуў разгляд адміністрацыйнай справы ў адносінах жыхара вёскі Лебедзянка Валерыя Вусіка. Па выніках разгляду справы суддзя Аксана Загорская пастанавіла спыніць справу, адхіліўшы складзеныя міліцэйскія пратаколы.
Суддзя паведаміла, што пастанова суда Бялыніцкага раёна можа быць абскаджана ў дзесяцідзённы тэрмін у Магілёўскім абласным судзе.
У судзе разглядаліся два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя яшчэ ў лютым гэтага года ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным, быццам бы за паклёп з боку Валерыя Вусіка на былога старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова ў змешчаным у газеце “Магілёўскі Выбар” і на інтэрнэт-сайце Zapraudu.info артыкуле “Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка”, і за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.
Судовае паседжанне пачалося ў 17-00 і працягвалася каля 40 хвілін. Быў заслуханы выступ абаронцы Валерыя Вусіка, якая давяла суду, што артыкул у газеце “Магілёўскі Выбар” не ўтрымлівае тых момантаў, якія адлюстраваныя ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта аб паклёпе на адрас былога старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова.
Яна таксама адзначыла, што абмежаванне на распаўсюд інфармацыі з’яўляецца недапушчальным, бо наша краіна падпісала Пакт аб грамадзянкіхі палітычных правах. У частцы 2 артыкула 2 Закона аб СМІ сказана, што, “калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілі міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь”. Таму не можа ісці ніякай размовы пра парушэнне Валерыем Вусікам артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.
Пасля перапынку працягласцю 15 хвілін суддзёй Аксанай Загорскай была зачытана пастанова аб спыненні адміністрацыйнай справы ў адносінах Валерыя Вусіка.
Пакуль невядома, ці будзе Пётр Бялоў абскарджваць пастанову суда Бялыніцкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе. Саму пастанову ён атрымаў на рукі адразу пасля заканчэння судовага паседжання.
Нагадаем, што 29 сакавіка 2013 года былы старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз пакараў Валерыя Вусік аштрафам у памеры 30 базавых велічынь за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу быў вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.
25 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Валерыя Вусіка на рашэнне суда Бялыніцкага раёна. Суддзя Магілёўскага абласнога суда Павел Клімаў прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення.
1 жніўня старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прашко пастанавіў адмяніць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ад 29 сакавіка 2013 года і рашэнне Магілёўскага абласнога суда ад 25 красавіка 2013 года, і накіраваць справу на новы разгляд у суд Бялыніцкага раёна да другога суддзі.
У сваёй пастанове старшыня Магілёўскага абласнога суда зрабіў выснову, што рашэнне аб пакаранні штрафам Валерыя Вусіка нельга прызнаць абгрунтаваным, таму што падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе Бялыніцкага раёна не былі прынятыя да ўвагі довады Валерыя Вусіка і пры такіх абставінах “вывад аб яго вінаватасці з’яўляецца заўчасным”. Таксама Ігар Прашко ўзгадаў у якасці парушэння ў дзеяннях суда Бялыніцкага раёна тое, што не было задаволена хадатайства Валерыя Вусіка аб прадастастаўленні яму абаронцы.
Паўторны разгляд адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка суддзёй Аксанай Загорскай у судзе Бялыніцкага раёна праходзіў 26 жніўня, 11 і 16 верасня.