Каб пачаць будаўніцтва Сьвята-Траецкай царквы, гомельскія вернікі павінны набыць кватэры для жыхароў прыватнага сектару
Канфлікт пачаўся яшчэ на пачатку году, але толькі цяпер стаў вядомы шырокай грамадзкасьці.
У 2003 годзе гарвыканкам выдаў дазвол на распрацоўку праектна каштарыснай дакумэнтацыі для будаўніцтва царквы, пад якую адвялі паўтара гэктары.
Вернікі плянуюць збудаваць вялікі каменны храм, але з за адсутнасьці сродкаў пакуль узьвялі часовую драўляную царкву. Цяпер яны могуць пачаць і грунтоўнае будаўніцтва, але там, дзе мусіць паўстаць каменная царква, стаяць тры прыватныя хаты. Улады хочуць, каб праваслаўныя сваім коштам зламалі гэтыя хаты ды набылі кватэры для гаспадароў, але настаяцель храму айцец Пётар сьцьвярджае, што такіх сродкаў царкве не знайсьці.
У студзені гарвыканкам накіраваў ліст архіяпіскапу Арыстарху, дзе нагадваецца, што тэрміны для падачы праекту сканчаюцца. Калі дакумэнтацыя ня будзе пададзеная, то «выканкамам будзе разгледжана пытаньне пра знос свавольна пастаўленых будынкаў ды вызваленьне ўчастку».
Праект ужо ёсьць, але ж справа ўпіраецца ў згаданыя хаты. Калі зварот да мясцовых чыноўнікаў ня дасьць станоўчых для храму вынікаў, то вернікі пакідаюць за сабой права зьвярнуцца да прэзыдэнта, паведамляе Радыё Рацыя.