У Магілёве актывісты БСДП хочуць прыцягнуць да адказнасці дэпутатаў парламента
Пасля таго, як былі высланы калектыўныя звароты на імя чатырох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Магілёва, двое з іх, Эдуард Сянкевіч і Аляксандр Разганаў, не палічылі патрэбным даць адказ актывістам.
Каб прыцягнуць да адказнасці "народных" абраннікаў, якія парушаюць закон аб звароце грамадян і не даюць адказ сваім выбаршчыкам, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леанід Падбярэцкі, а таксама прыхільнікі партыі Аляксей Паўлоўскі і Дзмітрый Яўстратаў накіравалі скаргі ў Генеральную пракуратуру, а таксама на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў.
Сітуацыю каментуе Леанід Падбярэцкі:
"Дэпутаты Васіленка і Станкевіч адказалі, а вось Сянкевіч і Разганаў не палічылі патрэбным адказваць на калектыўны зварот 500 грамадзян. Хто мы цяпер для іх? Яны ж атрымалі свае месцы і забыліся на праблемы народа".
Леанід Падбярэцкі падкрэслівае, што подпісы дэпутатам былі накіраваны яшчэ ў чэрвені гэтага года. Прайшло тры месяцы, а ад іх - "ни слуху, ни духу".
Нагадаем, што ў пачатку года магілёўскія актывісты БСДП ініцыявалі кампанію за прыняцце закона "Аб грамадскіх слуханнях". Мэтай кампаніі было прыцягнуць увагу да пастаяннага ігнаравання ўладамі меркавання жыхароў адносна сваіх планаў, а таксама заканадаўча замацаваць абавязковую працэдуру правядзення грамадскіх слуханняў ў шэрагу выпадкаў, у тым ліку пры зносе старых раёнаў, ушчыльненні мікрараёнаў новымі дамамі і перадачы зямлі агульнага карыстання новым уласнікам.