Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Ігара Пастнова
Рашэнне суддзі Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцяровай, якая санкцыянавала для Пастнова прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, абласны суд пакінуў без зменаў. Разгляд скаргі прайшоў у закрытым рэжыме: на яго не дапусцілі ні журналістаў, ні праваабаронцаў, ні давераную асобу Ігара Пастнова, ні ягонага адваката.
Разгляд быў прызначаны тэрмінова: яшчэ ўчора днём у абласным судзе казалі, што матэрыялаў справы ў іх няма. А пасля 16-ці стала вядома, што разгляд адбудзецца 12 верасня, гаворыць віцебскі палітык Сяргей Рыжоў, давераная асоба Ігара Пастнова:
"Я зайшоў у абласны суд, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы на правах даверанай асобы. Мне адмовілі, спаслаўшыся на вуснае распараджэнне намесніка старшыні абласнога суду. Хто будзе разглядаць скаргу, таксама не сказалі – да 18.00 гэта так і не было вядома. Які суддзя ноччу вывучаў справу, мы так і не даведаліся, бо ранкам абвясцілі, што працэс будзе закрыты. Я двойчы паказваў даверанасць на вядзенне справаў Ігара Пастнова, але ў судовую залу мяне проста не пусцілі".
Не пусцілі на разгляд касацыйнай скаргі і новага адваката Ігара Пастнова, кажа праваабаронца Леанід Свецік:
"Усё адбылося так хутка, што проста фізічна не было магчымасці дамовіцца з адвакатам, і каб той атрымаў даверанасць ад Пастнова. Шпіталь, дзе ён знаходзіцца – за горадам, а разгляд скаргі быў прызначаны ўчора ўвечары на сённяшнюю раніцу. Так што суд зноў прайшоў без адваката. А таксама без праваабаронцаў і журналістаў, якіх не пусцілі на закрыты разгляд. Прысутнічалі на ім толькі пракурор ды прадстаўнікі медычнай установы -- намеснік галоўурача абласнога цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі Ігар Свіркуноў і загадчыца аддзялення Наталля Васільева".
Як медыкі тлумачылі адсутнасць самога Ігара Пастнова, застаецца невядомым. Але яго зноў не прывезлі суд – гэтаксама, як было 21 жніўня, калі Віцебскі раённы суд санкцыянаваў для яго прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Лячэнне было прызначана на падствае высноваў медычнай камііі, у якую ўваходзілі калегі Пастнова, у тым ліку кіраўнікі шпіталю, дзе і сам ён працаваў урачом-псіхіятарам. На думку праваабаронцаў, гэта істотнае парушэнне: асведчанне ў той самай установе, дзе чалавек працуе і з'яўляецца падначаленым, нельга лічыць аб'ектыўным. Але абласны суд не ўзяў гэта да ўвагі, як і тое, што ў судзе першай інстанцыі былі парушаныя іншыя правы Пастнова: права на абарону і права на справядлівы судовы разгляд – у яго не было адваката, і яго самога не прывезлі на працэс, пазбавіўшы магчымасці нешта сказаць у сваю абарону.
16 жніўня Ігара Пастнова змясцілі на прымусовае псіхіятрычнае асведчанне з дазволу пракурора. Здарылася гэта неўзабаве пасля з'яўлення ў інтэрнэце чарговага відэароліка, дзе Пастноў крытыкуе дзейнасць віцебскіх медустановаў, у тым ліку і псіхіятрычнага шпіталя, дзе ён працаваў, і дзе цяпер яго зрабілі пацыентам. У відэавыступе ён згадваў і пра ранейшыя пагрозы накіраваць яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
21 жніўня Віцебскі абласны суд паводле звароту галоўурача Алены Матынавай санкцыянаваў такое лячэнне. Ігар Пастноў пратэстуе супраць гэтага, скардзіцца на кепскае самаадчуванне пасля прыему прэпаратаў, але яму гвалтам упіхваюць лекі і робяць ін'екцыі.
Беларускі Хельсінскі камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Яны патрабуюць перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі звярнуўся ў Еўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ўпэўнены, што “прысуд палітычна матываваны” і ”з'яўляецца чарговай спробай знішчэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. У сувязі з гэтым дэпутат заклікаў зрабіць усе магчымыя крокі, каб прыняць меры ў гэтай справе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”
заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення.