viasna on patreon

Магілёвец праз суд хацеў дабіцца прыёма ў губернатара

2013 2013-09-12T09:24:13+0300 2013-09-12T09:24:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Валянціны Тарасавай разгледзеў скаргу на дзейнасць службовых асобаў Магілёўскага аблвыканкаму з нагоды адмовы ў асабістым прыёме ў старшыні аблвыканкама Пятра Рудніка.

Суддзя палічыла, што адмова ў прыёме была абгрунтаваная, бо раней Дзмітрый Яўстратаў у той ці іншай ступені ўжо атрымліваў адказы на задаваемыя ім пытанні ад супрацоўнікаў Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага райвыканкама.

“Я спрабаваў патрапіць на прыём да Пятра Рудніка, бо лічу, што за апошнія 5 год КДК па Магілёўскай воблаці было выяўлена больш за 900 парушэнняў пры прыняцці рашэнняў у сферы зямельнага заканадаўства. Больш за тое, з вопыту адстойвання сваіх правоў я прыйшоў да высновы, што чыноўнікі ў сферы зямельнага заканадаўства пры адабранні і выдзяленні зямельных надзелаў кіруюцца толькі Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за №667 і не заўважаюць патрабаванні арт.5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб зямлі”, арт.3 Закона Рэспублікі Беларусь ”Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, якія вызначылі галоснасць і ўлік грамадскай думкі пры прыняцці рашэнняў пры адабранні і выдзяленні зямельных участкаў”, - гаворыць Дзмітрый Яўстратаў.

Актывіст адзначае, што за ўвесь час на яго памяці не было ні аднаго выпадку, калі б чыноўнікі ініцыявалі прыняцце рашэння з улікам вышэйузгаданых нормаў права.

“Больш за тое, арт.37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыць аб тым, што грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у справах дзяржаўнага значэння як непастрэдна, так і праз свабодна абраных прадстаўнікоў”, - гаворыць Дзмітрый Яўстратаў.

Актывіст кажа, што невыкананнем гэтых нормаў права парушаюцца яго правы і інтарэсы, а таксама іншых грамадзян.    

“Суддзя палічыла, што мне ўжо быў дадзены адказ чыноўнікамі, аднак я атрымаў адказ толькі па вёсцы Нядашава 2 Магілёўскага раёна, дзе я судзіўся з чыноўнікамі за парушэнне правілаў працэдуры перадачы зямлі фермеру. Там таксама зямлю перадалі ў карыстанне без грамадскіх слуханняў. А як жа быць з сістэматычнымі 900-мі, толькі выяўленнымі парушэннямі? - абураецца Дзмітрый.

У самы бліжэйшы час актывіст мае намер абскардзіць рашэнне суддзі ў Магілёўскім абласным суддзе.

Нагадаем, што некалькі месяцаў назад актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выступілі з ініцыятывай прыняцця Закона “Аб грамадскіх слуханнях”. Пад іх прапановамі падпісалася 500 чалавек, у тым ліку большасць жыхароў вёскі Нядашава 2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства