Каб прымусіць журналістку маўчаць, яе зрабілі сведкай па крымінальнай справе
Следчы ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Андрэй Еўлаш надаў працэсуальны статус сведкі па крымінальнай справе журналістцы TUT.BY Кацярыне Сінюк і папярэдзіў, што цяпер яна не можа разгалошваць інфармацыю.
5 верасня ва Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску выклікалі журналістку партала TUT.BY, сябру ГА “БАЖ” Кацярыну Сінюк.
Размова тычылася яе матэрыялу пра былога кіраўніка міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “У дапамогу дзецям-сіротам” Вячаслава Давыдовіча, затрыманага 29 жніўня па падазрэнні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Як стала вядома ГА “БАЖ”, адразу пасля затрымання Давыдовіча Кацярына Сінюк афіцыйна звярнулася па інфармацыю ў праваахоўныя органы Беларусі. Пасля публікацыі матэрыялаў журналістцы пачалі паступаць патрабаванні не паведамляць нічога пра лёс Вячаслава Давыдовіча.
Такое ж патрабаванне сёння ў часе допыту выставіў і следчы Андрэй Еўлаш. Ён абвесціў журналістцы рашэнне прыцягнуць яе да крымінальнай справы ў якасці сведкі. Сама Кацярына Сінюк лічыць, што такія дзеянні – спроба прымусіць яе не пісаць пра арышт Вячаслава Давыдовіча.
– Мяне папярэдзілі, што ў выпадку разгалошвання матэрыялаў крымінальнай справы я магу быць пакараная штрафам альбо арыштам да шасці месяцаў. Аднак я ў вочы не бачыла ніякіх матэрыялаў гэтай крымінальнай справы, таму, калі ў мяне з'явіцца новая інфармацыя, і я палічу яе грамадска важнай, я буду яе публікаваць, – распавяла прэс-службе ГА “БАЖ” Кацярына Сінюк.