viasna on patreon

Правядзенне пікету супраць замежных вайсковых баз у Быхаве таксама забаранілі (дакумент)

2013 2013-09-08T17:42:14+0300 2013-09-08T17:42:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/byhau-lenin-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Быхаўскі райвыканкам забараніў правядзенне пікету супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых баз 8 верасня ў мясцовым парку “50 год Перамогі”. Адпаведны адказ з райвыканкаму атрымаў 7 верасня старшыня Быхаўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ, пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў.

Падставай для забароны правядзення пікетавання стала тое, што з 3 па 10 верасня 2013 года ў парку “50 год Перамогі” прадпрыемства “Быхаўрайводаканал” праводзіць рамонтныя работы.

“Гэта проста выдуманая нагода, каб адмовіць у правядзенні пікету супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых баз, - выказвае меркаванне Сяргей Антонаў. – Нейкія рамонтныя работы ў парку “50 год Перамогі” нашы камунальнікі сапраўды вядуць, што, дарэчы, вельмі дзіўна, бо толькі 1 верасня ў Быхаве адсвяткавалі Дзень беларускага пісьменства, на падрыхтоўку да якога “убухалі” процьму грошай. Аднак у выходныя там ніхто не працуе, так што наш пікет нікому б не перашкодзіў нешта рамантаваць у любым выпадку”.

Па словах Сяргея Антонава, у бліжэйшыя дні ён звернецца ў ідэалагічны аддзел Быхаўскага райвыканкама, каб чыноўнікі ад ідэалогіі яму патлумачылі, у якім месцы горада ён можа правесці пікет, а не атрымаць чарговую адмову на пададзеную заяўку.

“Гэта не першы пікет у Быхаве, які мне забараняюць праводзіць, - кажа Сяргей Антонаў. – Чамусьці пастаянна ў нашых чыноўнікаў узнікаюць нейкія непераадольныя перашкоды, калі заяўку на правядзенне пікету падаюць прадстаўнікі апазіцыйнай Партыі БНФ. Таму ў бліжэйшы час я наведаю Быхаўскі райвыканкам, каб чыноўнікі з ідэалагічнага аддзела далі мне канкрэтны адказ, якое месца ў нашым горадзе вызначана для правядзення масавых мерапрыемстваў. Таксама адразу ж удакладню, ці не запланаваны на гэтым месцы нейкі рамонт, кірмаш ці будоўля у бліжэйшы час, каб ужо нічога не перашкодзіла правядзенню пікету”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства