Магілёўскі дэмакратам не дазволілі мітынг і шэсце супраць расійскай авіябазы
2 верасня стала вядома, што Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў мерапрыемства пратэсту, якое мусіла адбыцца 8 верасня - у Дзень беларускай вайсковай славы.
У адказе чыноўнікі з гарвыканкаму прычыну адмовы патлумачылі тым, што пададзеная дэмакратамі заява не адпавядае ўстаноўленым гарвыканкамам патрабаванням. Нібыта спачатку трэба было заключыць дамову з міліцыяй і іншымі службамі, якія бы займаліся абслугоўваннем мітынгу, а толькі потым падаваць заяўку на мітынг.
Тым часам далёка не ўсе службы, у тым ліку праваахоўныя, заключаюць дамовы на аказанне сваіх паслугаў без адпаведнага дазволу гарвыканкаму. Тут атрымліваецца замкнёнае кола, вынікам якога становіцца стопрацэнтная адмова ў правядзенні любога мерапрыемства, якое пажадалі б правесці магілёўскія дэмакраты.
Сітуацыю каментуе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў.
“Пад калектыўнай заяўкай на правядзенне мерапрыемства падпісаліся восем лідараў дэмакратычных арганізацый і партый. Гэта мерапрыемства было ўзгоднена ў межах Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл, аднак мы сутыкнуліся з адмовай. Дзіўна, бо мы хацелі правесці мітынг і шэсце ў дазволеным месцы – на стадыёне “Хімік”, які на ўскрайку горада”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Палітык абураны тым, што існуе пастанова Савета Міністраў №207 ад 5 сакавіка 2012 года, у якой дакладна прапісана, што спачатку ідзе дазвол гарвыканкаму на масавае мерапрыемства, а потым адбываецца заключэнне дамоваў з усімі патрэбнымі арганізацыямі, якія мусяць яго абслугоўваць.
“Відаць, узровень і кваліфікацыя чыноўнікаў з кожным годам толькі зніжаецца, што толькі больш дыскрэдытуе склаўшуюся ў дзяржаве вертыкаль улады. Паўтары гады дзейнічае Пастанова Савета Міністраў, дзе распісаны механізм, як праводзіць масавыя мерапрыемствы, а нашы чыноўнікі не знайшлі часу на тое, каб унесці праўкі ў адпаведнасці з гэтай пастановай у рашэнне гарвыканкаму”, - абураецца Уладзімір Шанцаў.
Лідар АГП адзначае, што далейшыя дзеянні дэмакратаў з гэтай нагоды будуць абмяркоўвацца на бліжэйшым пасяджэнні кааліцыі. Ён не адмаўляе, што будзе прынята рашэнне аб зборы подпісаў, а таксама аб тым, што будзе пададзена заява ў суд на гарвыканкам за адмову ў правядзенні мітынга і шэсця.
Нагадаем, што за апошні год у горадзе не было дазволена ні аднаго масавага мерапрыемства апазіцыі ў вызначаным гарвыканкамам месцы. Усе заяўкі на пікеты, мітынгі і шэсці былі забаронены магілёўскімі чыноўнікамі. Верагодна, гэта і стала вынікам несанкцыяванага пікету супраць расійскай авіябазы, зладжанага ў цэнтры Магілёва актывіста АГП Мікалаем Гладышавым, які за гэта пакараны штрафам у памеры аднаго мільёну рублёў. У судзе Гладышаў адзначыў, што адважыўся на несанкцыяванае мерапрыемства, бо дазволаў на пікеты ніхто з магілёўскіх уладаў не дае.