viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: 15 год у "Вясне"

2013 2013-09-03T16:16:00+0300 2013-09-04T11:25:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Першы дзень восені для намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча стаўся аднойчы і першым ягоным днём “Вясны”. Менавіта 1 верасня малады юрыст Стэфановіч пачаў свой шлях у праваабарончую дзейнасць. Сёння, аглядаючыся на  15 год працы ў “Вясне”, аўтарытэтны праваабаронца ўзгадвае, як развівалася і дужала арганізацыя, як мяняўся ўласны светапогляд, падсумоўвае здзейсненае за гэты доўгі і няпросты час.

Спадар Валянцін! Ці лёгка было тады, 15 год назад, прыняць рашэнне перайсці на працу ў праваабарончую арганізацыю?

Скажу шчыра, такое рашэнне далося мне вельмі няпроста. На календары быў 1998 год. У той час адбыліся две вялікія падзеі ў маім жыцці: я скончыў юрыдычны факультэт і атрымаў чырвоны дыплом, а таксама і першае месца працы, пасаду юрыста на Менскім падшыпнікавым заводзе. У тым жа годзе я таксама вырашыў завяршыць сваю грамадска-палітычную дзейнасць, што было звязана з пэўнымі прычынамі. Адзначу толькі, што на той час адбылося непаразуменне з кіраўнікамі тагачаснага “Маладога фронту”, дзе я з’яўляўся адным з намеснікаў сустаршыняў. Я выйшаў з арганізацыі, вырашыўшы для сябе больш не займацца ніякай палітыкай, і паспрабаваць жыць, як кажуць, звычайным жыццём. Зразумела, за плячыма на той час былі і “Менская вясна” 1996 года і стварэнне “Маладога фронту” і першая “адсідка” – 5 сутак арышту напачатку 1997 года. Але з іншага боку,  я не бачыў сябе ў структурах дзеючай улады адназначна. Для мяне яны перасталі існаваць пасля двух рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў і я не хацеў звязваць сваё жыццё з дзяржаўнай службай. Зрэшты мяне б туды, мусіць, і не ўзялі пасля майго бэкграўнда.

Тады да мяне звярнуўся Алесь Бяляцкі з прапановай далучыцца да праваабарончай арганізацыі “Вясна-96” (так тады называўся ПЦ “Вясна”), якая была зарэгістраваная як Менская гарадская арганізацыя. І я вельмі доўга прымаў рашэнне. Для мяне гэта азначала кінуць працу, перарваць юрыдычны стаж, забраць працоўную кніжку і пайсці ў нейкі невядомы для мяне свет.

 Мяне ўгаворваў і Алесь, і Вінцук Вячорка і Лявон Баршчэўскі, які мелі досыць моцны аўтарытэт, як грамадскія і палітычныя дзеячы. Памятаю, што адзін з аргументаў Бяляцкага на мяне вельмі моцна паўздзейнічаў:

“Ты ж, Валік, юрыст! Ты мусіш дапамагаць людзям, а не сядзець на гэтым заводзе”.

І гэта мяне падштурхнула, хаця на той час я не зусім уяўляў сабе, што такое праваабарончая дзейнасць. Такое разуменне прыйшло значна пазней, дзякуючы Польскай Хельсінскай фундацыі і асабіста Марэку Навіцкаму, які ўжо пайшоў з гэтага жыцця, і навучанню ў школах па правах чалавека. У гэтых школах сапраўды прыйшло разуменне, што абарона правоў чалавека гэта не проста юрыдычная дапамога людзям, што гэта значна шырэй, што гэта цэлая філасофія.

Вяртаючыся ў той час скажу, што Алесю ўдалося мяне ўгаварыць. У жніўні я звольніўся з завода і з 1 верасня 1998 года пачалося новае жыццё, новая праца ў новым калектыве.Там я пазнаёміўся і з Таццянай Равякай і з Палінай Сцепаненка,  з іншымі супрацоўнікамі.  Офіс тады размяшчаўся ў невялічкай двухпакаёўцы па вуліцы Дарашэвіча.

А ці памятаецца сёння твой першы працоўны дзень?

На жаль, гэтага моманту не памятаю, але памятаецца дзень, калі мы першы раз сабраліся разам перад 1 верасня, фактычна гэта быў пачатак працы мінскага офісу, Гэта быў досыць важны крок у жыцці “Вясны”, паколькі мы пачалі дзейнічаць як прафесійная арганізацыя. Перад гэтым, цягам папярэдніх гадоў, праваабарончая дзейнасць многіх сябраў сумяшчалася з асноўнай працай: Алесь Бяляцкі, напрыклад,  быў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, некалькі чалавек былі супрацоўнікамі гэтага ж музея. А тут нарэшце адбылося адкрыццё паўнавартаснага офісу, грамадскай прыёмнай, куды маглі б звяртацца людзі па дапамогу, а супрацоўнікі цалкам занятыя праваабарончай дзейнасцю, увесь свой час аддаючы “Вясне”.

15 год – гэта ладны адмерак часу, за які, відаць, і ты сам змяніўся, і “Вясна” стала іншай. Якой яна запомнілася табе ранейшая і якой стала зараз?

Вядома,  “Вясна” вельмі моцна змянілася за гэты час. Найперш, арганізацыя стала нашмат больш прафесійнай, чым некалі. У Беларусі практычна нікога не было з праваабаронцаў, якія б дзейнічалі да нас і маглі б перадаць нам свой досвед, навучыць нас нечаму, Усе веды пра міжнародныя стандарты, міжнародныя механізмы ў галіне абароны правоў чалавека мы атрымлівалі самі праз навучанне, праз уласны досвед. Мы сталі за гэты час класічнай праваабарончай арганізацыяй, пазбавіўшыся ўсялякіх палітычных момантаў і заангажаванасці, на нас ніхто не аказвае аніякіх уплываў, ані правыя, ані левыя. Мы баронім не погляды, а баронім ПРАВЫ, зыходзячы з прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека.

Ці можаш вось так, адразу, прыгадаць самы светлы, станоўчы, дзень у тваёй дзейнасці, і самы змрочны?

Адразу вось так светлага і яркага не прыгадваецца, а вось падзеі 2010-2011 года надоўга застануцца ў памяці, паколькі гэта быў самы цяжкі перыяд гісторыі нашай арганізацыі. Гэта і крымінальны пераслед нашага кіраўніка, Алеся Бяляцкага, і ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да мяне асабіста. Перада мной паўстаў сур’ёзны выбар, ці заставацца за мяжой, дзе я правёў фактычна 2 месяцы, ці вяртацца назад у Беларусь. На той момант я ня мог ведаць, што мне рэальна пагражае, а сітуацыя была крытычная, усё магло скончыцца турмой. Гэта быў пэўны момант ісціны, і я прыняў рашэнне вяртацца ў Беларусь, і нейкім цудам пазбег турмы па некаторых тэхнічных прычынах, але прайшоў праз некалькі судоў. І гэты змрочны перыяд, на жаль не скончыўся дагэтуль, паколькі старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі працягвае знаходзіцца ў турме, і нягледзячы на нашыя высілкі па вызваленні палітвязняў, многія з іх яшчэ ў зняволенні. Ды ўсё ж такі ёсць спадзяванне, што мы ўбачым Алеся раней, чым скончыцца ягоны турэмны тэрмін.

Светлых момантаў напэўна таксама было нямала… Мне заўсёды прыемна, калі прыходзяць да нас і кажуць “Дзякуй!” за тое, што мы некаму дапамаглі. А былі выпадкі, калі мы людзям, якія маглі быць расстраляныя, фактычна жыццё выратоўвалі. Можна ўзгадаць справу Яўгена Мікалуцкага, старшыні Магілёўскага абласнога дзяржкантролю, і прэс-канферэнцыю, якую мы ладзілі са сваякамі абвінавачаных у забойстве гэтага чыноўніка, пасля якой з’явіўся вялікі рэзананс і справа гэтая развалілася.

А яшчэ я шчаслівы, што сустрэў усіх гэтых людзей, “вясноўцаў”, і асабіста Алеся. Гэта вельмі дорага для мяне – быць сучаснікам тых, хто некалі стане гісторыяй, і я меў дачыненне да яе.

Шчыра скажу, што здараюцца моманты, калі хочацца паслаць усё падалей, калі я стамляюся, калі я не бачу ўвогуле нейкага выніку, і сітуацыя выглядае безнадзейнай, і хочацца некуды з’ехаць, і хочацца ўсё кінуць. Гэта праўда. Я б пакрывіў душой, калі б сказаў, што такога не было.

Але заўсёды ўзгадваю Алеся і ягоныя словы аб тым, што калі ў 80-тыя гады ён пачынаў грамкадскую і падпольную дзейнасць, на той момант ніхто не мог прадсказаць, што праз нейкіх там 10 гадоў знікне камуністычная сістэма, знікне Савецкі Саюз, а Беларусь стане незалежнай краінай. Усё мяняецца, жыццё рушыць наперад, а нашая задача нязменная – рабіць сваю працу максімальна прафесійна і заўсёды спадзявацца на лепшае.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства