viasna on patreon

Аляксандр Францкевіч: Мяне вербаваў КДБ. Хацелі, каб даў паказанні супраць Дзядка

2013 2013-09-03T11:10:36+0300 2013-09-03T11:10:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyzvaleny-franckevicz.jpg
Аляксандр Францкевіч

Аляксандр Францкевіч

3 верасня на волю з івацэвіцкай калоніі выйшаў палітвязень Аляксандр Францкевіч. Праз пару гадзін пасля вызваленне хлопец адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

 «Наша Ніва»: Як адчуванні?

 Аляксандр Францкевіч: Свабода (усміхаецца). Што тут яшчэ сказаць? Лёгкасць. Я з сваімі сябрамі, роднымі, мне добра.

 «НН»: Думалі, што адбудзеце тэрмін ад «званка да званка»?

 

АФ: Калі шчыра, то спадзяваўся на паслабленні. Неапраўдана. Пераацаніў слабасць, мяккацеласць рэжыму. Але я не шкадуе за зробленае, не шкадую, што прайшоў праз гэта. У турме я толькі ўмацаваўся ў сваіх перакананнях.

«НН»: Як складваліся адносіны з іншымі зэкамі?

 

АФ: Зэк зэку — розніца. Шмат хто супрацоўнічае з адміністрацыяй. Вядома, што такія людзі гатовыя на любы крок. Шмат людзей цынічных, беспрынцыпных. Але большасць адэкватныя прынцыповыя людзі. Спадзяюся, што з некаторымі буду падтрымліваць сувязь і пасля вызвалення.

«НН»: А ахоўнікі?

 

АФ: Тут неадназначна. За імі большы кантроль, чым за зэкамі. Многія прызнавалі заганнасць гэтай сістэмы. Разумеюць, куды мы ідзем. Але трэба разумець, што яны частка сістэмы. І як любая частка сістэмы — безаблічныя.

«НН»: Вашы сябры Аліневіч і Дзядок працягваюць знаходзіцца за кратамі.

 

АФ: Буду рабіць усё магчымае, каб інфармаваць людзей аб гэтай справе, каб хлопцы хутчэй апынуліся на свабодзе.

«НН»: Вам прапаноўвалі даваць паказанні супраць Дзядка і Аліневіча?

 

АФ: Супраць Дзядка. Яшчэ на этапе следства. Калі б я даў паказанні, то быў бы перакваліфікаваны з абвінавачанага ў сведку, мне пра гэта казалі простымі словамі. КДБ хацела мець сваіх агентаў уплыву ў анархісцкім асяроддзі.

Пасля 3 верасня 2010 іх не цікавіла, хто кідаў кактэйлі Молатава ў Міністэрства абароны, іх цікавілі агульныя звесткі пра анархісцкі рух, колькі там людзей, чаго яны дабіваюцца.

«НН»: Прашэнне аб памілаванні Вам прапаноўвалі напісаць?

 

АФ: Так, былы начальнік калоніі. Я адмовіўся. Бо тады не было ніякіх пагроз у мой бок, ціск пачаўся пазней. Але я не скажу, што ціск быў небывала моцным. Кажу гэта не для таго, каб паказаць гуманнасць рэжыму. Ціск аказваецца на ўсіх вязняў.

«НН»: Як турэмная ежа?

 

АФ: Такую б на волі ніхто не стаў есці, скажу так.

«НН»: Здароўе ваша не пахіснулася?

 

АФ: Не. Не такі вялікі тэрмін — 3 гады. Але збіраюся бліжэйшым часам прайсці вялікае абследаванне.

«НН»: Іншыя планы ўжо маеце?

 

АФ: Хачу перабрацца з Наваполацка ў Мінск. Фірма, на якую я працаваў да затрымання, пакінула маё працоўнае месца. У палітычнай дзейнасці працягну ўдзельнічаць у анархісцкім руху. Дзейнічаць у падполлі ўжо не атрымаецца. Але буду рабіць усё, каб нашы ідэі шырыліся сярод людзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства