Крымінальную справу супраць маладафронтаўцаў перадалі ў суд
Менская пракуратура перадала справу супраць актывістаў “Маладога фронту” ў суд Савецкага раёну. Алега Корбана, непаўналетнюю Насту Палажанку, Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, паведамляе Радыё Свабода.
Маладафронтаўцы не выключаюць, што разгляд справы пачнецца напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.
Сьледчы Сяргей Грахоўскі, які вёў сьледзтва ў справе, распачатай КДБ супраць актывістаў “Маладога фронту”, перадаў матэрыялы крымінальнай справы ў суд Савецкага раёну Менску. Ён пацьвердзіў гэта Радыё Свабода:
“Так. Сьледзтва завершана і справа перадаецца ў суд”.
Нагадаем: 4 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27 актывістаў “Маладога фронту” пад час паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак утрымлівалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Адпусьцілі юнакоў, узяўшы абяцаньне зьяўляцца на допыт зь першага патрабаваньня. Сьпіс падазраваных супрацоўнікі КДБ хутка пашырылі. 29 сакавіка Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан, Зьміцер Хведарук і Барыс Гарэцкі сталі абвінавачанымі ў крымінальнай справе. Маладзёнаў прысьпешвалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Барыса Гарэцкага нават прывозілі ў кабінэт сьледчага Сяргея Грахоўскага з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Сьледчы адхіліў хадайніцтва адвакатаў, якія прасілі даць больш часу для працы з матэрыяламі справы.