viasna on patreon

Узброеныя спецслужбоўцы гадзіну трымалі работнікаў полацкага «Шкловалакна» тварам да сьценкі

2007 2007-04-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 красавіка супрацоўнікі спэцслужбаў захапілі прахадную ААТ «Полацк Шкловалакно» і каля гадзіны ўтрымлівалі ў якасьці закладнікаў усіх, хто туды заходзіў. Інфармацыю пра здарэньне распаўсюдзіў “Бюлетэнь онлайн”.

Каля пятнаццаці невядомых у масках з аўтаматамі прыкладна аб адзінаццатай раніцы нечакана ўварваліся на прахадную прадпрыемства і заблякавалі яе. Людзей, што апынуліся там, паставілі каля вяртушкі тварам да сьценкі. Пасьля пачалі хвастаць дубінкамі, каб прымусіць разгубленых людзей расставіць ногі шырэй, а рукі выцягнуць угару і ўбокі ўздоўж сьценцы.

У адказ на ўсе пытаньне “Хто вы такія?” узброеныя грамілы нахабна гыркалі і крычалі:

— Маўчаць, тварам да сьценкі! Будзеце дзёргацца — прыменім спэцсродак!

Дзяжурны ахоўнік прадпрыемства спрабаваў быў пярэчыць, але пасьля таго, як яго прафэсійна выцялі тварам аб сьценку, скрушна змоўк.

Людзей вызвалілі толькі пасьля таго, як на супольным беларуска італьянскім прадпрыемстве, якое месьціцца за прахадной ААТ «Полацк Шкловалакно», сканфіскавалі нейкую дакумэнтацыю. Пасьля гэтага ў джып пасадзілі дырэктара СП і ягонага намесьніка і павезьлі ў Менск.

Адразу па вызваленьні практычна ўсе пацярпелыя напісалі заявы з скаргамі ўва ўсе інстанцыі: генэральнаму дырэктару, генэральнаму пракурору і ў адміністрацыю прэзыдэнта.

Зазначым, што падобныя беззаконьні адбываюцца на фоне нядаўніх выказваньняў прэзідэнта Лукашэнкі пра тое, што “правы і свабоды грамадзян, вызначаныя заканадаўствам, павінны бвць безумоўна забяспечаны. Гэта абавязак усіх дзяржаўных органаў, уключаючы судовыя інстанцыі”. Што адбываецца на самой справе – бачна ўсім.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства