Рагачоўскі грамадзкі актывіст Уладзімер Гермак атрымаў адказ ад МУС
Рагачоўскі грамадзкі актывіст Уладзімер Гермак атрымаў адказ ад міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на скаргу адносна незаконнага ўтрыманьня яго ў мясцовым аддзеле міліцыі напярэдадні дня Волі. Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў коратка паведамілі, што заяву разгледзелі і скіравалі яе ў гомельскі аблвыканкам для прыняцьця мераў.
Як паведаміў актывіст Уладзімер Гермак, скаргу ў міністэрства на імя Навумава ён напісаў у іранічнай форме. Прычынай заявы сталася незаконнае ўтраманьне спадара Гермака ў мясцовым аддзяленьні міліцыі ад 7 раніцы да 15 гадзіны дня. Актывіста падазравалі ў злачынствах, якія здараліся ва ўсёй Гомельскай вобласьці. Так, спачатку ягоную машыну спынілі на выезьдзе з горада і суправадзілі ў аддзяленьне, бо ў Рагачове быў скрадзены падобны аўтамабіль. Пасьля Ўладзімеру Гермаку паведамілі, што ён часова затрыманы як падазроны ў ДТП у Мазыры. Напрыканцы, актывісту сказалі, што ў Карме скралі трансфарматар. У канцы дня ўдзельніка дэмруху адпусьцілі без складаньня пратаколу.
У адказ на дзеяньні праваахоўных ворганаў Уладзімер Гермак напісаў заяву ў Міністэрства ўнутраных праваў, дзе распавёў пра неправамерныя дзеяньні міліцыянтаў. Таксама актывіст адзначыў у дакумэнце, што ў наступны раз будзе тэлефанваць ў РАУС, каб даведацца, ці няма крадзяжоў па вобласьці.
Днямі актывіст атрымаў адказ ад міністэрства, дзе пазначалася аб перанакіраваньні заявы ў абласны выканаўчы камітэт. Аднак, на думку Ўладзімера Гермака, чакаць, што будуць прынятыя сапраўдныя меры не выпадае, паведамляе "Гарт".