Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў абмеркаваць чарнобыльскія праблемы ў жывым эфіры Першага нацыянальнага канала
Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму 25 красавіка ў жывым эфіры Першага нацыянальнага каналу абмеркаваць неабходныя меры па ўдасканаленні дзейнасці дзяржаўных органаў, адказных за работу па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёння з адпаведнай заявай аб прадастаўленні жывога эфіру на першым канале Аляксандр Мілінкевіч афіцыйна звярнуўся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі.
- У сувязі з гадавінай трагедыі на Чарнобыльскай АЭС прашу прадставіць мне магчымасць выступіць, разам з запрошанымі мною прадстаўнікамі экспертаў і ліквідатараў наступстваў трагедыі на ЧАЭС, у жывым эфіры “Першага канала” беларускага тэлебачання 25 красавіка 2007 а 18.00, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч у заяве.
У заяве Аляксандр Мілінкевіч паказаў, што неабходнасць абмеркавання ў жывым эфіры актуальных праблемаў у пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай аварыі вынікае з таго, што існуюць сур’ёзныя падставы сцвярджаць аб:
- замоўчванні ўладамі праблемаў, з якімі сутыкаюцца ліквідатары наступстваў трагедыі на ЧАЭС, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, усе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчавання з забруджаных земляў;
- тупіковасці сацыяльна-эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфектыўна вырашаць паўсталыя праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі;
У адпаведнасці з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” адказ на заяву Аляксандра Мілінкевіча павінен быць дадзены не пазней чым за пятнаццаць дзён, паколькі вырашэнне пытання, выкладзенага ў заяве, не патрабуе дадатковага вывучэння i праверкi.