Бабруйск: На Шэлега напаў чалавек, які прадставіўся маёрам міліцыі
Вечарам 8 жніўня актывіст БХД Вячаслаў Шэлег накіраваўся ў УУС Бабруйскага гарвыканкама, каб адвезці на допыт да супрацоўніка Следчага камітэта жонку, па справе выкрадання іх дачкі Наталлі.
-Мая жонка Марыя - інвалід другой групы, і ёй цяжка хадзіць, таму я пачаў шукаць побач з будынкам упраўлення ўнутраных спраў спецыяльную паркоўку, але яе там папросту няма. Паколькі быў вечар, і службовая стаянка была пустой, я вырашыў прыпаркавацца тут, бліжэй да ўваходу. Тут жа да нас падбег нейкі чалавек, у "пляжным" адзенні: майка, шорты, шлапакі. Пачаў грукаць па машыне, па шклу, кулакамі, выглядаў неадэкватна, крычаў "хто ты такі?" Я выйшаў з аўто, і ён пачаў заламываць мне рукі, штурхаў, хапаўся за вопратку, заявіў, што ён маёр міліцыі.
Вячаслаў Шэлег кажа, што нападнік паказаў яму пасведчанне, але ён не паспеў разглядзець, ці дакладна яно было міліцэйскім. Пазней гэты чалавек прадставіўся як "маёр міліцыі Андрэй Валянцінавіч Барысенка". Шэлег прапанаваў крыўдзіцелю прайсці ў будынак УУС, каб вырашыць канфлікт згодна з законам, але той адмовіўся. Ён настойваў, каб актывіст прыбраў сваю машыну.
-Я заявіў, што пакуль жонка не вернецца з допыта, я не ад'еду. Выклікалі ДАІ, склалі пратакол, але я і не адмаўляў, што парушыў правілы. Калі б каля будынка УУС была паркоўка для інвалідаў, мне не прыйшлося б гэта рабіць. Дарэчы, гэты чалавек знік у будынку УУС, і болей пры мне не выходзіў адтуль. Я адразу паехаў фіксаваць пабоі, сёння напісаў адпаведную заяву, атрымаў на рукі накіраванне на судмедэкспертызу, - распавядае Вячаслаў Шэлег.
Што тычыцца расследвання па справе дачкі Вячаслава, Наталлі Шэлег, - пакуль супрацоўнікі Следчага камітэта не кажуць бацькам нічога канкрэтнага. Актывіст БХД адзначыў, што да гэтага часу ідуць апытанні і допыты сваякоў, знаёмых, суседзяў дзяўчыны.