Барысаўская праваабаронца не змагла даведацца, дзе ўтрымліваецца ксёндз Уладзіслаў Лазар
Барысаўскую грамадскасць узбударажыла паведамленне аб тым, што каля месяца таму быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар, настаяцель мясцовага прыходу Сашэсця Святога Духа. Праваабаронца Марына Статкевіч беспаспяхова спрабавала даведацца, дзе знаходзіцца святар.
КДБ не каментуе гэтую інфармацыю, як кажуць прыхаджане двух барысаўскіх касцёлаў, святары таксама нічога не могуць адказаць наконт лёсу Уладзіслава Лазара. Не змагла высветліць, у якім горадзе змяшчаецца ксёндз, каб перадаць яму неабходныя рэчы, і праваабаронца Марына Статкевіч, актыўная прыхаджанка барысаўскага касцёла Нараджэння Святой Панны Марыі.
Марына Статкевіч так каментуе сітуацыю: "Цяпер вельмі шмат кажуць пра 29-гадовага праграміста Эдварда Сноўдэна, які распавёў журналістам пра сакрэтныя праграмы Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША па сачэнні за замежнікамі праз інтэрнэт і мабільную сувязь. Тут усё зразумела - чалавек меў доступ да сакрэтнай інфармацыі. Я задаюся пытаннем: якой сакрэтнай інфармацыяй можа валодаць ксёндз? Не хацелася б іранізаваць, таму як чалавек цяпер хутчэй за ўсё ў турме КДБ, а толькі знаходжанне ў падобных месцах праваабаронцы лічаць за катаванні. Я не веру, што ўлады дадуць на гэта выразны адказ ... Мы жывем у жахлівай хлусні, і няма гэтаму канца і краю ... ".