viasna on patreon

Гродна: пікет забаронены, участковы папярэджвае пра адказнасць

2013 2013-08-03T15:06:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Гарадзенскія праваабаронцы апошнімі ў краіне атрымалі адмову на правядзенне пікету 4 жніўня ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага. Адпаведны ліст з гарвыканкаму прыйшоў праз пошту сёння, 3 жніўня, Уладзіміру Хільмановічу – атрымліваецца, што заяўнікі даведаліся пра адмову ў правядзенні пікету фактычна за дзень да часу яго прызначэння. Само рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму за подпісам намесніка старшыні З.В. Кулешы датаванае 1 жніўнем бягучага году. А між тым, заканадаўства абавязвае мясцовыя органы ўлады паведамляць пра сваё рашэнне на прадмет дазволу (забароны) правядзення масавага мерапрыемства за 5 дзён да даты плануемага мерапрыемства. Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч падалі заяўку ў адпаведны заканадаўству тэрмін – 19 жніўня.

   Адмова гарвыканкаму праводзіць заяўнікам пікет тлумачыцца ў афіцыйнай паперы тым, што з пункту гледжання мясцовай ўлады заяўнікі не прадставілі “заключаныя з адпаведнымі службамі дамовы для забеспячэння грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і ўборкі тэрыторыі”.

   А ўвечары 2 жніўня кватэру аднаго з заяўнікаў Рамана Юргеля наведаў участковы міліцыянер, які папярэдзіў праваабаронцу пра адміністрацыйную адказнасць за правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства. Пры тым пастановы гарвыканкаму наконт забароны ці дазволу правядзення пікету ў міліцыянта на руках не было. Раман Юргель зрабіў на прапанову распісацца пра тое, што ён азнаёмлены пра папярэджанне, запіс пра незаконнасць такога папярэджання.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства