Брэст: улады ігнаруюць вынікі грамадскага абмеркавання
Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымалі адказ з Брэсцкага гарвыканкаму наконт сваёй заявы, што тычыцца будаўніцтва ў мікрараёне Рэчыца шматпавярховага дому на месцы стадыёна.
Як паведаміў лідар мясцовых сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, заява была накіравана ў рамках абвешчанага ўладамі грамадскага абмеркавання гэтага праекту. Сябры БСДП (Г) прапанавалі захаваць спартовы аб’ект і правесці комплексную рэканструкцыю стадыёна, а жылы дом пабудаваць на іншай вольнай пляцоўцы. Аднак з адказу гарвыканкама вынікае, што дом усё ж будзе пабудаваны менавіта на месцы стадыёна, а пазней за кошт сродкаў аб’яднання “Брэстаблсельбуд” побач з’явіцца спартовае ядро з магчымасцямі для гульнявых відаў спорту, з бегавой дарожкай і ямай для скачкоў. У адказе таксама паведамляцца, што ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкаму, якому належыць стадыён, дало згоду, каб гэты зямельны ўчастак быў аддадзены пад праект забудовы жылога дому.
“Для нас вельмі дзіўная пазіцыя ўпраўлення адукацыі, якое без усялякіх ваганняў адмовілася ад гэтай пляцоўкі, - кажа Ігар Маслоўскі. – Разам з тым у адказе гарвыканкама няма ніякіх звестак пра вынікі грамадскага абмеркавання і адносіны да мяркуемага будаўніцтва жыхароў мікрараёна Рэчыца. Але ж гэта самае галоўнае! Бо ў каментарах на сайтах мясцовых газет, форумах мы бачым дакладную адмоўную рэакцыю людзей у сувязі з планамі уладаў пабудаваць дом на месцы стадыёна. Навошта тады ўвогуле ладзіць абмеркаванне, калі вынік ужо вядомы?”
Брэсцкія сацыял-дэмакраты маюць намер надалей адсочваць падзеі вакол будаўніцтва дома, у прыватнасці абяцанае з’яўленне побач з ім спартовай пляцоўкі.