viasna on patreon

Віцебскія журналісты атрымалі лісты з пагрозамі

2013 2013-08-02T01:14:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/specsluzby-u-maskah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяргей Серабро і Алена Сцяпанава ў адзін дзень атрымалі аднолькавыя лісты з загалоўкам "Ведай, куды язык можа давесці". Нехта, падпісаўшыся імем Яўген Мішакоў, крытыкуе інфармацыйную палітыку "Радыё Свабода" і "БелаПАН" і зневажае незалежных журналістаў. Праўда, у тэксце ліста імёны не называюцца, але намеры аўтара, які даслаў лісты на канкрэтныя адрасы, сумненняў не выклікаюць.

Незалежныя журналісты размясцілі атрыманыя лісты на сваіх старонках у Фэйсбуку. Сяржук Серабро запытаўся ў калег, ці не атрымлівалі яны чагосці падобнага. Але пакуль адрасатаў у невядомага "дабразычліўцы" было ўсяго два.

Алена Сцяпанава распавяла пра атрыманы ліст наступнае:

"Подпіс, найхутчэй, выдуманы. І зваротны адрас заведзены, верагодна, для "разавай адпраўкі". Прынамсі, я запыталася ў гэтага Яўгена Мішакова, ці не блытае ён чагосці, але адказу не атрымала. У самім лісце – нейкія натужныя спробы іранізаваць над тым, што журналісты пішуць крытычныя тэксты пра беларускую рэчаіснасць. Маўляў, матэрыялы неаб'ектыўныя, і гэта выкананне "замоваў", а таксама спробы заробіць сабе танную папулярнасць і імя ў журналістыцы. Маўляў, "акулы пяра" і "кіты мікрафона" дзейнічаюць амаральна, шукаючы скандалаў у пошуказ вялікіх ганарараў і славы… Між тым гэты Яўген Мішакоў піша пра нейкія падзеі, да якіх мы, мясцовыя журналісты, займаючыся тутэйшымі праблемамі, нават не звяртаемся – пра адносіны Беларусі з Венесуэлай, пра візіты кіраўнікоў дзяржаў адно да аднаго… Але напрыканцы ліста – відавочныя пагрозы, накшталт таго, то  праз ваш доўгі язык можаце трапіць у "месцы не такія аддаленыя"…

У апошнім абзацы ліста незалежным журналістам "нагадваюць" пра існаванне " Закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыкі правапарушэнняў", хаця незразумела, якое дачыненне да яго маюць прадстаўнікі гэтае прафесіі. А таксама страшаць артыкуламі з Крымінальнага кодэксу за "Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" і "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспецы рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абароназдольнасці".

Нагадаем, у Алены Сцяпанавай і Сяргея Серабро колькі год таму праводзілі ператрусы, ім дасылалі артыкулы з мясцовай газеты "Віцьбічы", дзе ў зняважлівым тоне пісалі пра сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку, які вывесіў сцяг на навагодняй ёлцы, і пра тое, што незалежныя журналісты няправільна асвятляюць гэты ўчынак… Сяргея Серабро, рэдактара сайта "Народныя навіны Віцебска" , іншым разам не пускаюць з фотаапаратам на гарадскія мерапрыемствы. Супраць Алены Сцяпанавай тры тыдні таму міліцыянты ініцыявалі адміністрацыйную справу нібыта за парушэнне заканадаўства аб СМІ, але Кастрычніцкі райсуд не прыняў яе да разгляду.

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства