Cуд над віцебскай журналісткай перанеслі на няпэўны тэрмін
У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску 12 ліпеня мусіў адбыцца судовы працэс над незалежнай журналісткай Аленай Сцяпанавай. Міліцыянты склалі на як пратакол за парушэнне закону аб СМІ, абвінаваціўшы ў працы без акрэдытацыі. Але суддзя Іна Грабоўская адправіла пратакол назад у міліцыю, бо ён быў складзены непісьменна.
"Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў пратаколе не ўказаныя ні месца, ні час, ні акалічнасці правапарушэння, у якім мяне вінавацяць. Такія самыя высновы зрабіў і мой адвакат. Так што я ішла на суд з тым, каб найперш аспрэчыць гэты пратакол. Ён складзены з парушэннямі працэсуальна-выканаўчага кодэксу, старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Сяргей Вяракса, напэўна, лічыць, што ў суд можна падаваць і такія дакументы… Падбор іх не вытрымлівае аніякай крытыкі: прыкладам, там ёсць два міліцэйскія рапарты, дзе сцвярджаецца, што я нешта пісала падчас судовых працэсаў , а потым з кімсьці размаўляла па тэлефоне. І нібыта гэта даказвае, што я працую без акрэдытацыі на замежны СМІ", -- расказала Алена Сцяпанава.
Паводле віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, абвінавачанне ў парушэнні Закону аб СМІ ўвогуле абсурднае. Бо журналістка – прыватная асоба, а не кіраўнік сродку масавай інфармацыі, яна не ўяўляе сабою СМІ. І таму беспадстаўна вінаваціць яе ў парушэнні парадку распаўсюду і вырабу інфармацыі – а якраз пра гэта і гаворыцца ў частцы 2 артыкула 22.9 адміністрацыйнага заканадаўства, на падставе якога складзены пратакол.
"Я была б вельмі здзіўлена, каб такія аргументы і дакументы суд прыняў да разгляду, -- працягвае Алена Сцяпанава. – І гэта добра, што суддзя не пагадзілася судзіць мяне паводле такіх доказаў. Але тое, што дакументы ў суд рыхтаваліся вельмі спешна, на працягу 2-х дзён, можа сведчыць аб нейкім загадзе "зверху" ў дачыненні да маёй асобы. Камусці дужа не падабаецца, што інфармацыя з Віцебску трапляе ў незалежныя, у тым ліку замежныя СМІ – я маю на ўвазе інфармацыю "непрычасаную", сапраўдную…. І нехта вырашыў пашукаць вінаватых і "абясшкодзіць". Выбар міліцыі ўпаў на мяне. Чаму? Абавязкова запытаюся пра гэта на судзе, калі ён адбудзецца".
Суд перанесены на няпэўны час. Цяпер міліцыянтам трэба зноў складаць пратакол пра адміністрацыйныя парушэнні.
Упершыню ў Кастрычніцкі РАУС Алену Сцяпанаву выклікалі па тэлефоне 5 ліпеня. Ёй было прапанавана з'явіцца на гутарку ў бліжэйшыя дні – у суботу ці нядзелю. Але яна адмовілася, бо запрашэнне на гутарку ў выходны падалося ёй падазроным. А ў панядзелак яна пайшла ў Кастрычніцкі РАУС ужо разам з адвакатам.
Даваць тлумачэнні ў міліцыі журналістка адмовілася на падставе 27-га артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе не сведчыць супраць сябе. Усе аргументы яна падрыхтавала для суду, але працэс не адбыўся.