Грамадска-палітычная газета “Витебский курьер М” упершыню за 17 гадоў дзейнасці прыпыніла выхад
Услед за “Віцебскай абласной друкарняй”, якая без тлумачэння прычын не прыняла ў друк чарговы нумар “Витебского курьера”, іншыя друкарні вобласці таксама адмовіліся друкаваць адзіную ў рэгіёне недзяржаўную газету, – паведамляе служба маніторынгу БАЖ.
Нумар за аўторак так і не выйшаў у свет. 27 сакавіка адмовілася супрацоўнічаць з “ВК” Полацкая друкарня, хаця напярэдадні дала на тое згоду, а 28 сакавіка таксама адмовіліся друкаваць ужо падрыхтаваны да працы нумар Аршанская друкарня.
Калектыў рэдакцыі вымушаны сысці ў адпачынак за свой кошт, пакуль кіраўніцтва ЗАТ “Выдавецкі дом” Витебский курьер” спрабуе заключыць дамову з друкарняй у Смаленску і вырашае пытанні афармлення дакументаў траспарціроўкі накладаў праз мяжу для мытні.
Нагадаем, 22 сакавіка дырэктар дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебская абласная друкарня” Я. Ларычаў адмовіўся заключыць дамову з рэдакцыяй “Витебского курьера”. Рэдакцыя газеты была вымушана перавярстаць газету – змяніць фармат з А-2 на А-4 – і друкаваць наклад на офісным прынтары.