Актывісты патрабуюць змяніць рашэнне Віцебскага гарвыканкама наконт арганізацыі масавых мерапрыемстваў
Паводле дзеючага рашэння, прынятага Віцебскмі гарвыканкамам у 2009 годзе, у горадзе не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў. Рэалізаваць сваё права на выказванне думак і меркаванняў віцяблянам не ўдаецца ўжо цягам трох гадоў, бо рашэнне ўладаў рэгламентуе такі парадак падачы заявак, які не магчыма выканаць.
Рашэнне Віцебскага гарвыканкама ад 10.07.2009 года № 881 супярэчыць беларускаму заканадаўству, лічаць аўтар заявы, мясцовы каардынатар Руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў. Пра гэта ён піша ў заяве, пададзенай 18 ліпеня ў аблвыканкам на імя старшыні Аляксандра Косінца.
Паводле заканадаўства, заяўку на масавую акцыю арганізатары мусяць падаць у раённую адміністрацыю не пазней як за 15 дзён да меркаванай даты. Мясцовыя ўлады мусяць прыняць рашэнне з гэтае нагоды, апавясціць пра гэта арганізатараў, і ў выпадку дазволу вызначыць, як будуць арганізаваны міліцэйскае дзяжурства і медычная дапамога падчас акцыі, а таксама прыборка тэрыторыі пасля яе.
Віцебскі гарвыканкам памяняў паслядоўнасць дзеянняў: паводле рашэння № 881, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў на абслугоўванне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэння дамоваў з актывістамі з розных прычынаў. І некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў не будуць, пакуль няма станоўчага рашэння раённых адміністрацый.
Вырвацца з гэтага "зачараванага кола" віцебскім актывістам не ўдалося ні разу, хаця свае правы яны спрабавалі адстойваць нават праз суд, спрабуючы змусць да заключэння дамоваў тых, хто адмаўляўся. А прычыны для адмоваў былі самыя экзатычныя: абласная міліцэйская ўправа спасылалася на адсутнасць вольных кадраў для аховы пікетаў ці мітынгаў, медыкі заяўлялі, што з дня на дзень у любую пару году чакаюць у горадзе "успышку захворванняў"… Толькі камунальнікі пагаджаліся заключыць дамовы з актывістамі, але гэтага было мала…
Звароты непасрэдна ў гарвыканкам не дапамаглі таксама, кажа Хрыстафор Жаляпаў:
" У адказ мы атрымлівалі лісты, што гэтае рашэне ўладаў прайшло юрыдычную экспертызу і што яно ўнесена ў рэестр дзяржаўных актаў. І нібыта гэтыя акалічнасці сведчаць пра тое, што рашэнне бездакорнае з пункту гледжання законнасці, і што зменам яно не падлягае. Але мы не згодныя, бо ўжо тры гады не можам рэалізаваць свае права на свабоднае выказванне думак і меркаванняў. Мы сабралі чатыры дзесяткі подпісаў пад заявай да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, і цяпер не проста чакаем адказу – мы чакаем, што ўлады з намі сустрэнуцца, і мы зможам абмеркаваць сітуацыю непасрэдна. Бо пры наяўнасці больш як 30-ці подпісаў пад лістом ўлады мусяць арганізаваць выязную сустрэчу з тымі, хто падпісаўся".
Хрыстафор Жаляпаў асабіста запісаўся на прыём да намесніка старшыні аблвыканкаму па ідэалогіі, і 24 ліпеня з ім разам у Віцебскі аблвыканкам збіраюцца пайсці лідэры рэспубліканскіх палітычных і грамадскіх структур - Руху "За Свабоду", Партыі БНФ, кампаніі "Гавары праўду".