Саюз беларускіх пісьменьнікаў абскардзіў распараджэньне міністра адукацыі А. Радзькова
СБП паскардзіўся ў Савет міністраў і Пракуратуру Беларусі на мінулагодняе распараджэньне міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аб недапушчэньні ў школы мерапрыемстваў „па лініі СБП”.
У скарзе СБП сьцьвярджае, што „паводле дадзенага распараджэньня, у мэтах прапаганды мастацкай літаратуры, арганізацыі эфэктыўнай працы па ідэалягічным і духоўным выхаваньні вучнёўскай і студэнцкай моладзі даручаецца забясьпечыць правядзеньне творчых сустрэчаў зь пісьменьнікамі і іншых культурна-масавых мерапрыемстваў зь іх удзелам толькі па ўзгадненьні з [праўладным] грамадзкім аб’яднаньнем «Саюз пісьменьнікаў Беларусі»”, якое ўзьнікла ў 2006 годзе.
Рада СПБ лічыць, што распараджэньне „зьяўляецца незаконным, абмяжоўвае і парушае законныя правы як членаў грамадзкага аб’яднаньня «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», так і ўсяго аб’яднаньня ў цэлым”.
— Мы перакананыя, — гаворыцца ў скарзе, — што гэтае распараджэньне носіць прыкметы манапалізму ў культуры, паколькі яно накіраванае на недапушчэньне, абмежаваньне й ліквідаваньне канкурэнцыі па прыкмеце прыналежнасьці да той ці іншай грамадзкай арганізацыі пісьменьнікаў.
Старшыня СБП Алесь Пашкевіч разьлічвае, што распараджэньне належным чынам прааналізуе ўрад і пракуратура Беларусі.
— У іншым выпадку, — адзначыў Пашкевіч, — аб’яднаньне, якое мае славутую 73-гадовую гісторыю, будзе адстойваць свае правы згодна з заканадаўствам Беларусі, паведаміла Радыё Рацыя.