Беларускія праваабаронцы прынялі ўдзел у абмеркаванні дакладу Палецкіса ў Бруселі
19 чэрвеня ў Еўрапейскім
парламенце ў Бруселі ў рамках пасяджэння падкамітэту па правах чалавека
Еўрапейскага Парламента прайшло абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека ў
Беларусі, а таксама праекта рэкамендацый па палітыцы Еўрапейскага Саюза ў
дачыненні да Беларусі, падрыхтаванага Юстасам Палецкісам.
У рамках дыскусіі выступіў сябра Рады ПЦ "Вясна" Уладзімір Лабковіч, які адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека
пагаршаецца, звярнуў увагу на сістэмны і сістэматычны крызіс з правамі чалавека
ў Беларусі.
Была звернута ўвага на становішча палітычных зняволеных, свабоды СМІ, судовай
сістэмы, магчымасці рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама
практыку вынясення смяротных прысудаў.
Таксама была звернута ўвага на памылковыя высновы, зробленыя Юстасам Палецкісам
ў праекце яго дакладу, пра нібыта паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, і
важнасць наяўнасці ў парадку дня адносін з Беларуссю патрабаванняў аб сістэмных
зменах у галіне правоў чалавека.
Таксама выступіла кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова, якая звярнула ўвагу на важнасць узаемадзеяння ЕС з
міжнароднымі інстытутамі ААН, у першую чаргу са спецыяльным дакладчыкам па
Беларусі Харашці, а таксама
тэматычнымі дакладчыкамі ААН.
Алена Танкачова выказалася за тое, каб у ацэнках сітуацыі з правамі чалавека ў
Беларусі улічваўся даклад спецыяльнага дакладчыка і рэзалюцыі Савета ААН па
правах чалавека.
Выступаючы з каментарамі, прадстаўнік службы знешніх адносін ЕС спадар Рэінхольд
Брэндэр выказаўся за тое, каб любыя станоўчыя змены ў стасунках ЕС і Беларусі
былі магчымыя ў выпадку не толькі вызвалення палітычных зняволеных, але і
сістэматычных зменаў у галіне правоў чалавека.